Школу акцёрскага майстэрства адкрыюць у Полацку
Ідэя належыць рэжысёру тэатра «Пілігрым», члену Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Веры Кісялёвай. Яна і будзе весці заняткі, запрашаючы па дамоўленасці педагогаў Беларускай акадэміі мастацтваў і прафесійных акцёраў.
Набор у школу пачнецца з верасня і будзе праходзіць на конкурснай аснове. Навучэнцамі могуць стаць маладыя людзі з 14 гадоў, у тым ліку з суседніх раёнаў. Іх навучаць асновам акцёрскага майстэрства, сцэнічнай мовы, вакалу, харэаграфіі, пазнаёмяць з гісторыяй развіцця тэатральнага мастацтва, яго традыцыямі на полацкай зямлі.
Такая праца, лічыць Вера Кісялёва, падрыхтуе глебу для стварэння ў горадзе пастаяннай тэатральнай трупы. Ужо зараз усё больш таленавітых палачан, якія прайшлі школу «Пілігрыма», выбіраюць для сябе прафесію акцёра. Сёлета адзін з удзельнікаў тэатра паступіў у знакаміты ГІТІС – Расійскі ўніверсітэт тэатральнага мастацтва ў Маскве.
Ларыса Малашэня, «Віцебскія весці».