Школы, бібліятэкі і палацы культуры стануць месцам сустрэч кандыдатаў з электаратам у Віцебскай вобласці

24 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Актовыя залы школ, чытальныя залы бібліятэк і залы палацаў культуры часцей за ўсё будуць месцамі сустрэч кандыдатаў у дэпутаты і перадвыбарных сходаў, арганізуемых выбаршчыкам у Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Беларусі для вольнага і ўсебаковага абмеркавання перадвыбарных праграм кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, правядзення агітацыі за або супраць кандыдата на сходах і мітынгах, а таксама для сустрэч з выбаршчыкамі па ўзгадненні з выбарчымі камісіямі выканкамы прынялі і давялі да ведама грамадзян рашэнні аб вызначэнні месцаў для размяшчэння перадвыбарных агітацыйных друкаваных матэрыялаў і правядзення сустрэч з выбаршчыкамі. Часцей за ўсё перадвыбарныя сустрэчы будуць праходзіць у школах і бібліятэках. Але ў некаторых акругах вызначаны іншыя месцы. Напрыклад, у Наваполацку для выбарчай акругі №24 такім месцам стане актавая зала гасцінічнага комплексу, а жыхары Прыгараднай выбарчай акругі №6 у Оршы могуць сустрэцца ў фае мясцовай аўташколы ДТСААФ. Рашэннямі мясцовых улад таксама вызначаны месцы для арганізацыі і правядзення ў паведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў (вулічных сходаў, мітынгаў, пікетаў) кандыдатамі ў дэпутаты і іх даверанымі асобамі. У Полацку і Наваполацку, як правіла, гэта пляцоўкі перад уваходам у будынкі, дзе размешчаны ўчасткі для галасавання, пляцоўкі ў дварах дамоў шматпавярховай забудовы. У Оршы масавыя перадвыбарныя мерапрыемствы часцей за ўсё будуць праходзіць на пляцоўках перад крамамі і гандлёвымі цэнтрамі, а таксама ў скверы, парку і на плошчы Леніна. Перадвыбарныя друкаваныя агітацыйныя матэрыялы будуць у асноўным размяшчацца на дошках аб'яваў, інфармацыйных стэндах прадпрыемстваў і арганізацый, рэкламных шчытах і тумбах, на ўваходных дзвярах пад'ездаў дамоў. У Віцебскай вобласці, па дадзеных упраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама, кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў усіх узроўняў вылучана 3820 чалавек. Сярэдні конкурс на мандат дэпутата гарадскога савета ў гарадах абласнога падпарадкавання - 1,88, раённага - 1,45. Найбольшая колькасць прэтэндэнтаў - 1,9 на месца - у абласны Савет. Больш за палову прэтэндэнтаў (59%) вылучаны шляхам збору подпісаў, 43,7% - працоўнымі калектывамі, 2% - палітычнымі партыямі. Камуністычную партыю Беларусі прадстаўляюць 29 чалавек, Беларускую партыю левых "Справядлівы свет" - 27, БНФ - 10, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) - 6, Аб'яднаную грамадзянскую - 3 чалавекі. Іншыя партыі сваіх кандыдатаў на Віцебшчыне не вылучалі. Прэтэндэнты, якія прайшлі рэгістрацыю, атрымліваюць права пачынаць перадвыбарную агітацыю. Апошні тэрмін рэгістрацыі - 25 сакавіка. Перадвыбарная агітацыя пачнецца з дня рэгістрацыі кандыдатаў і працягнецца да 24 красавіка ўключна. У Віцебскай вобласці працуюць 60 акруговых камісій па выбарах дэпутатаў аблсавета, 240 тэрытарыяльных камісій па выбарах дэпутатаў раённых, гарадскіх, сельскіх і пасялковых саветаў. Дэпутацкі корпус 26-га склікання будзе сфарміраваны ў складзе 3530 чалавек, з іх 60 - дэпутаты аблсавета. Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў прызначаны на 25 красавіка 2010 года.-0-