Школы Віцебскай вобласці больш эфектыўна за іншыя ў Беларусі выкарыстоўваюць энергетычныя рэсурсы

26 сакавіка, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Віцебская вобласць прызнана лепшай у Беларусі па арганізацыі школьнай работы ў галіне эфектыўнага выкарыстання энергетычных рэсурсаў на рэспубліканскім конкурсе "Энергамарафон-2008", вынікі якога падведзены ў Магілёўскім раёне. Віцяблянам уручаны дыплом першай ступені і каштоўныя падарункі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Дыпломаў другой і трэцяй ступеняў у той жа намінацыі ўдастоены адпаведна Гомельская і Магілёўская вобласці. Лепшай школай па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергетычных рэсурсаў прызнана Полацкая СШ №1 з экалагічным ухілам, лепшым настаўнікам па арганізацыі класнай работы па эфектыўным выкарыстанні энергетычных рэсурсаў - настаўнік фізікі Віцебскай СШ №23 Ларыса Саўлукава, лепшай школьнай агітбрыгадай - "Погляд" Цэнтра дзіцячай творчасці горада Чашнікі Віцебскай вобласці, а лепшым цэнтрам па энергазберажэнні - Гомельскі музей па энергазберажэнні, адзіны ў Беларусі. Навучэнцу 9 класа СШ №73 Мінска Івану Пешкову ўручаны дыплом першай ступені за лепшую работу па практычных мерах эканоміі энергетычных рэсурсаў. Школьнік стварыў камп'ютарную гульню "Атэстат эканоміі", якая прапагандуе эканомію энергетычных рэсурсаў. Конкурс праводзіцца з 2000 года. Яго асноўная мэта - выяўленне і распаўсюджванне перадавога вопыту работы педагогаў па арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў галіне энергазберажэння, укараненне ідэй і метадаў энергазберажэння ў работу ўстаноў адукацыі. Заснавальнікамі конкурсу выступаюць дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, Міністэрства адукацыі пры садзейнічанні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Фонд Экамір".-0-