Школы Віцебскай вобласці ўдзельнічаюць у эксперыментальным праекце па ўкараненні этнакультурных тэхналогій
Праект эксперыментальны. Згодна з загадам Мінадукацыі Рэспублікі Беларусь ён праводзіцца на базе чатырох сярэдніх школ вобласці – у Наваполацку, Сенненскім, Талачынскім і Шумілінскім раёнах. Мэта – навучыць падрастаючае пакаленне жыць і працаваць у поліэтнічным асяроддзі, разумець і паважаць не толькі родную спадчыну, але і культуру іншых народаў. Якія ж вынікі?
Мы пабывалі ў Шумілінскай сярэдняй школе №1 імя Героя Савецкага Саюза П. Акуцёнка. Педагагічны калектыў актыўна і творча ўключыўся ў працу – школа ўпершыню прадстаўлена ў мерапрыемстве рэспубліканскага значэння.
– Гэта вялікая праграма, разлічаная на чатыры гады, – распавядае намеснік дырэктара школы Святлана Емяльянава. -– Стварылі групу настаўнікаў. У кожнага – пэўная сфера даследаванняў. У межах сваіх прадметаў сумесна з вучнямі яны вывучаюць этнаграфію Шумілінскага раёна. Да нас далучыліся географы, гісторыкі, музейныя работнікі, музыкі, мастацтвазнаўцы. Плануем стварыць у інтэрнэце анлайн-карту раёна, дзе прадставіць вынікі нашых даследаванняў.
Як прасоўваецца праца, можна бачыць ужо сёння. У школе – новая традыцыя. Кожную першую пятніцу чвэрці праводзіцца дзень праекта, масавае мерапрыемства, на якое запрашаюць усіх жыхароў Шуміліна. Першае адбылося ў лістападзе – этнаграфічны вечар, падчас якога школьнікі расказалі пра прыкметныя падзеі ў гісторыі роднага краю. А ў студзені адбыліся вясёлыя Калядкі пад дэвізам «Ой, калядачкі, бліны-ладачкі» – святочны карнавал, на якім ярка і шырока былі прадстаўлены старадаўнія звычаі.