Школы Віцебскай вобласці ў новым навучальным годзе прымуць 108 тыс. вучняў
31 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У школы Віцебскай вобласці ў новым навучальным годзе прыйдуць 108 тыс. навучэнцаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок.
У першых класах парты зоймуць больш за 10 тыс. дзяцей. "Пры гэтым мы чакаем, што іх колькасць упершыню за апошнія гады перавысіць узровень мінулага года", - адзначыў Іван Шчурок, дадаўшы, што дакладна гэтыя даныя стануць вядомыя пасля 5 верасня.
Святочныя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў, пройдуць у школах Віцебскай вобласці 1 верасня, а першы ўрачысты ўрок новага навучальнага года будзе прысвечаны тэме "Я - грамадзянін Беларусі". Своеасаблівую падрыхтоўку да яго школьнікі і навучэнская моладзь Віцебска змаглі правесці ў апошнія дні жніўня: на бягучым тыдні Віцебскі абласны краязнаўчы музей у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі з аналагічнай назвай запрашаў школьнікаў і навучэнскую моладзь бясплатна наведаць экспазіцыю музея "Віцебшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны", чым скарысталіся многія рабяты. А ў Глыбокім тэма агульнага для ўсіх школьнікаў Беларусі ўрока будзе звязана таксама з Годам кнігі, бо 1-2 верасня тут адзначаюць Дзень беларускага пісьменства.
Выкладчыцкі склад школ Віцебскай вобласці ў новым навучальным годзе папоўняць больш за 580 маладых настаўнікаў. Яны ўжо залічаны і размеркаваны на працоўныя месцы як у гарадскіх, так і ў сельскіх школах. Усяго ў 2012/2013 навучальным годзе весці заняткі ў рэгіёне будуць каля 14,5 тыс. настаўнікаў. 92% з іх - з вышэйшай адукацыяй, 78% - маюць вышэйшую і 1-ю кваліфікацыйную катэгорыю, 911 маладых настаўнікаў, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, атрымліваюць вышэйшую завочна. У нязначнай ступені (на 0,25 - 0,75 стаўкі) да ўдзелу ў навучальным працэсе прыцягнуты таксама педагогі пенсійнага ўзросту, якія выкладаюць замежныя мовы і матэматыку. Іх патэнцыял задзейнічаецца ў сельскіх школах, дзе адчуваецца напружанасць з кадрамі.
Падвоз вучняў да школ будзе ажыццяўляць 195 школьных аўтобусаў, з якіх 21 - закуплены ў гэтым годзе. Неабходныя падручнікі для ўрокаў атрыманы. Усе 534 школы, якія гасцінна расчыняць свае дзверы 1 верасня, да маючых адбыцца заняткаў гатовыя і чакаюць сваіх навучэнцаў.-0-