Шоў батлы і забег па вадзе. Як прайшоў Віва Браслаў 2018
«Музыка, пляж — гэта класна! Браслаў сапраўды стаў месцам прыцягнення для аматараў летняй атмасферы і бесклапотнага адпачынку», – казалі госці свята. Арганізатары далі магчымасць моладзі два дні правесці разам, пагутарыць, паслухаць сучасную музыку, патанцаваць, атрымаць цудоўныя ўражанні на ўвесь год і жаданне вярнуцца сюды зноў.
Большасць прыехала на фестываль не ў першы раз, сустракаліся і тыя, хто не прапусціў ніводнага папярэдняга і кожны раз адкрывае для сябе нешта новае.
Пра гэта клапоцяцца арганізатары галоўнага музычнага уік-энда краіны на чале з братамі Яўгенам і Алегам Лабуцямі. Першае новаўвядзенне – павелічэнне часу свята. Доўжылася яно два дні на трох канцэртных пляцоўках. Другое – змяненне парадку ўваходу на тэрыторыю фестывалю.
Маладыя людзі мянялі білеты на ID-карты са штрых-кодам, у якіх утрымлівалася інфармацыя пра госця, у прыватнасці, фота і ПІБ. Працэдура замены займала максімум 10 – 15 секунд і ў выніку скараціла час на ўваход у зону фестывалю. Як удакладнілі арганізатары, у парушальнікаў парадку не стала магчымасці вярнуцца на тэрыторыю свята пасля выцяснення.
Між тым гасцей прыбыло ў Браслаў некалькі дзясяткаў тысяч. Толькі білетаў было прададзена больш за 20 тыс. А былі яшчэ тыя, хто тусаваўся на пляжы і слухаў музыку, знаходзячыся за тэрыторыяй фестывалю.
Уладальнікі квіткоў мелі і добрыя ўмовы для начлегу, і для баўлення часу. Было дзе прысесці і адпачыць, нават паляжаць ля вады ў гамаках. Працаваў вялікі фудкорт з багатым выбарам ежы. Ізабіліе кропак харчавання пазбавіла гасцей ад чэргаў.
Тут жа рэалізоўвалася ініцыятыва Pepsi Taste Challenge – «Бітва смакаў». Кожны мог паспрабаваць напоі розных брэндаў і зрабіць выбар на карысць свайго любімага.
Працавала на фестывалі і шлюбная служба. Для тых, хто не супраць быў згуляць хоць і жартаўлівае вяселле, праводзілі цырымонію з фатай, букетам і пасведчаннем аб шлюбе.
Пакуль адны грэліся на сонейку, аматараў спорту сабраліся ў паядынках па скейтбордынгу, пляжным футболе і валейболе, амерыканскім футболе, вейкбордынгу, крос-кантры, баскетболе, змаглі паспрабаваць сябе ў слэклайне, воркауце.
У праграме значылася больш за 10 відаў спорту. Удзельнікаў і гледачоў сабралі насычаныя элементамі экстрыму «Чэмпіянат па пераносе жонак» і «Забег па вадзе». Адным словам, эмоцыі зашкальвалі.
Але ўсё ж найбольш вострымі яны былі на танцпляцоўцы, дзе праходзілі шоу-батлы і майстар-класы ад прафесійных танцораў з Беларусі і Латвіі ад класічнага брэйк-данса да экстравагантнага vogue, а таксама чэмпіянат Беларусі па цвёрку. І, вядома ж, фінал конкурсу прыгажосці «Міс Viva Braslav – 2018».
Пасля адборачных тураў 15 прыгажунь з усёй Беларусі прэтэндавалі на званне музы фестывалю. Сярод іх былі і прадстаўніцы нашай вобласці з Наваполацка і Чашнікаў. У канчатковым выніку тытул «Міс Viva Braslav – 2018» заваявала Ганна Янькова з Магілёва.
Музычныя праграмы пачыналіся ўвечары. Хоць і ўдзень на дзвюх пляцоўках пастаянна гучала музыка. Адной з іх — Coliseum Tuborg Stage — была сабрана з драўляных паддонаў у выглядзе кругавой танцавальнай зоны з барам у цэнтры. Тут пастаянна тусаваліся аматары сучаснай моладзевай музыкі. Хэдлайнерамі галоўнай сцэны ў першы дзень былі Арцём Півавараў і Іван Дорн. Пасля выступалі дыджэі з Венгрыі.
У другі вечар запальвалі Б'янка, Мальбэк і Сюзанна, Арцём Півавараў, Скруджы, Сяргей Бабунец. Больш за 50 топ-выканаўцаў з Расіі, Украіны, Беларусі, дыджэі і прадзюсары з Нідэрландаў і Венгрыі прадставілі сваю творчасць на сцэнах фестывалю.
Тое, што немагчыма перадаць словамі, тут тлумачылі адзін аднаму з дапамогай музыкі. Дыскатэка працягвалася да раніцы. Ёй не перашкодзіў дажджок – навальнічныя хмары краем закранулі горад і ў першы, і ў другі вечар.
Нягледзячы на тое, што Viva Braslav – праект прыватны, многія мерапрыемствы фестывалю наведалі старшыні абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў і Ніна Пучынская.
Viva Braslav стаў брэндам горада, яго візітнай карткай, якая прыцягвае сюды тысячы жыхароў Беларусі і замежжа і, як заўважыў Уладзімір Церанцьеў, будзе развівацца з падтрымкай дзяржавы. Падобны фармат цікавы для людзей. Рэкорд мінулага лета па колькасці гледачоў тут пабілі, значыць, у наступным годзе працягу фестывалю быць.