Жарт чатырохгадовай віцябчанкі абярнуўся выклікам ратавальнікаў для яе мамы
21 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Жарт чатырохгадовай віцябчанкі стаў прычынай выкліку ратавальнікаў для яе мамы, расказала карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Пакуль жанчына вешала бялізну на балконе, малая вырашыла зачыніць балконныя дзверы на зашчапку. Калі ж мама паспрабавала вярнуцца ў кватэру, то сіленак адкрыць зашчапку ў дзяўчынкі не хапіла. Разам з жартаўніцай у доме заставаўся грудны немаўля. Спусціцца з балкона 7-га паверха, дзе была зачынена жанчына, без рызыкі для жыцця было немагчыма, разбіць акно ў кватэры нявольная палонніца не адважылася. На шчасце, мужчына, які праходзіў міма дома, пачуў заклікі аб дапамозе і выклікаў ратавальнікаў.
З дапамогай 50-метровай лесвіцы супрацоўнікі пажарна-аварыйных ратавальных атрада "Віцязь" падняліся на другі балкон, праніклі ў кватэру і адчынілі дзверы. Па словах Марыны Фандо, маленькая свавольніца паабяцала маме і ратавальнікам больш не жартаваць такім чынам.
Улічваючы, што гэтая сітуацыя ўяўляла пагрозу жыццю дзяцей, ратавальнікі не выставяць рахунак бацькам. Аднак калі б такі жарт вырашылі б разыграць дарослыя, то працу ратавальнікаў прыйшлося б аплаціць, дадала Марына Фандо.-0-