Шведская асацыяцыя плануе стварыць цэнтры інтэрнэт-доступу ў Віцебскай вобласці

13 снежня, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Шведская асацыяцыя мясцовых і рэгіянальных органаў самакіравання (SALAR) плануе рэалізаваць у Віцебскай вобласці праект па стварэнні 4 інфармацыйных цэнтраў. Пра гэта паведаміў сёння журналістам каардынатар шведска-беларускага праекта развіцця мясцовага самакіравання ў Беларусі Аляксандр Пірагоў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА. Інфармацыйныя цэнтры плануецца стварыць, у прыватнасці, у такіх населеных пунктах, як Дзісна і Пераброды (Мёрскі раён), а таксама Бачэйкава (Бешанковіцкі раён). Арганізаваць цэнтры плануецца непасрэдна ў гарсавеце і сельсаветах. Асноўная мэта праекта - даць магчымасць жыхарам населеных пунктаў вучыцца працаваць на камп'ютары і вырашаць асабістыя праблемы з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій. У прыватнасці, праз іх сельскія жыхары змогуць скарыстацца дзяржпаслугамі, якія ўжо сёлета павінны быць даступныя праз Адзіны партал дзяржаўных паслуг. "Мы ставім сваёй мэтай зрабіць так, каб улада была даступнай для людзей, каб іх праблемы вырашаліся лёгка і проста, - растлумачыў Аляксандр Пірагоў. - Канцэпцыя электроннага ўрада якраз і дазваляе гэта зрабіць". Да канца 2011 года прадстаўнікі шведскай асацыяцыі плануюць падрыхтаваць праект канцэпцыі развіцця Віцебскай вобласці, у якім знойдзе адлюстраванне ініцыятыва па стварэнні 4 інфармацыйных цэнтраў. Шведская асацыяцыя мясцовых і рэгіянальных органаў самакіравання (SALAR) прадстаўляе інтарэсы дзяржаўных, прафесійных і карпаратыўных структур у 290 муніцыпалітэтах, 18 ландстынгах і двух самакіравальных рэгіёнах краіны. Акрамя таго, асацыяцыя рэалізуе дзясяткі праектаў у розных краінах свету, падтрымліваючы тым самым палітыку ўдасканалення сістэм мясцовага прадстаўніцтва ў іншых дзяржавах. Адной з мэт асацыяцыі з'яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для развіцця лакальнага і рэгіянальнага самакіравання.-0-