Шведская служба занятасці дапаможа калегам з Віцебскай вобласці стварыць прагнастычную мадэль для рынку працы
Шведская дзяржаўная служба занятасці дапаможа калегам з Віцебскай вобласці ўдасканаліць сваю працу і выпрацаваць мадэль для аналізу і прагназавання сітуацыі на рынку працы. Адпаведны мемарандум быў падпісаны сёння ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.
З візітам у Віцебску 21-22 кастрычніка знаходзіцца дэлегацыя Шведскай дзяржаўнай службы занятасці з мэтай абмену вопытам і інфармацыяй аб стане рынку працы, а таксама развіцця і ўмацавання міжнароднага супрацоўніцтва. Візіт паклаў пачатак рэалізацыі ў рэгіёне праекта "Удасканаленне дзейнасці дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь". Акрамя Віцебскай вобласці ў яго ўключаны Гродзенская вобласць і Мінск. Падпісанне мемарандуму аб узаемаразуменні паміж камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама і Шведскай дзяржаўнай службай занятасці таксама з'яўляецца адным з этапаў дадзенага праекта. Дакумент прадугледжвае развіццё супрацоўніцтва па ўдасканаленні метадаў працы службы занятасці насельніцтва і пашырэнні спектру яе паслуг, развіцці мадэлі аналізу і прагназавання рынку працы. Як растлумачыў кіраўнік праекта Юакім Юзефсан, ва ўсіх праектах супрацоўніцтва яны не толькі імкнуцца падзяліцца сваім вопытам, але і вывучыць тыя напрацоўкі, якія маюцца ў краіны-рэцыпіента. Напрамкамі для такога абмену могуць быць павышэнне адукацыйнага ўзроўню суіскальнікаў працы; варыянты таго, як палегчыць пошук вакансій; аказанне дапамогі ў працаўладкаванні ўразлівых груп насельніцтва.
Работа трохгадовага праекта "Удасканаленне дзейнасці дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь" складаецца з трох этапаў: прадстаўленне шведскай мадэлі і формаў работы; вывучэнне ўмоў у краіне-партнёры, яе заканадаўства; выпрацоўка мадэлі, прыдатнай для мясцовых умоў і рэалій. Гэтая мадэль дапаможа службе занятасці больш эфектыўна інфармаваць насельніцтва аб сітуацыі і тэндэнцыях на рынку працы. І яшчэ адным вынікам стане паляпшэнне кантактаў паміж службай і наймальнікамі, суіскальнікамі. "У Беларусі мы не ўпершыню - рэалізоўвалі тут іншы праект на працягу трох гадоў. І вельмі рады, што цяпер геаграфія супрацоўніцтва выйшла за межы Мінска і ахапіла рэгіёны. Так што напрацоўкі мінулага праекта плануем пашырыць і паглыбіць, распаўсюдзіць гэты вопыт у тым ліку ў Віцебскай вобласці, з улікам таго, што будзе для яе карысна", - дадаў Юакім Юзефсан.
Праграмай візіту шведскай дэлегацыі таксама прадугледжаны прэзентацыі, круглы стол з удзелам службаў занятасці Віцебска і Віцебскага раёна, знаёмства з работай гэтых падраздзяленняў на месцах, наведванне школы-інтэрната для глухіх дзяцей, дзе рэалізуюцца праграмы арганізацыі часовай занятасці.
Наступнай найбліжэйшай падзеяй праекта стане стартавая канферэнцыя з удзелам усіх бакоў. Затым пачнуць праводзіцца навучальныя мерапрыемствы для супрацоўнікаў службаў занятасці Мінска і рэгіёнаў.
Кацярына Князева, БЕЛТА.