Шведская мастачка навучыць віцебскіх калег валяць не валёнкі, а скульптуры
19 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Шведская мастачка навучыць віцебскіх калег валяць не валёнкі, а скульптуры, прачытае лекцыю па мастацтве валяння і пакажа сваю выставу. Праект "Аспекты жыцця" Гунілы Пэтау-Шоберг адкрыецца сёння ў Віцебску, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва.
Гуніла Пэтау-Шоберг - шведская мастачка, якая працуе ў моднай тэхніцы фільцавання. Яна вывучала традыцыйныя спосабы валяння лямцу ў Манголіі, Турцыі, Венгрыі, а таксама ў Беларусі і ператварыла старадаўнюю тэхніку апрацоўкі воўны ў выразны мастацкі сродак. У Віцебску майстрыха па лямцу пакажа сваю выставу "Рэльефы і скульптура", сустрэнецца з мастакамі і студэнтамі, якія займаюцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, дасць для іх майстар-клас, а таксама прачытае лекцыю "Мастацтва валяння: гісторыя і сучаснасць".
Выставы Гунілы Пэтау-Шоберг з поспехам праходзілі ў многіх краінах свету. Работы мастачкі знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях Швецыі і за яе межамі. У канцы мінулага года праект "Аспекты жыцця" дэманстраваўся ў Мінску. Арганізатарамі выставы з'яўляюцца пасольства Швецыі ў Беларусі, аддзел культуры Віцебскага гарвыканкама, Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва. Экспазіцыя будзе адкрыта да 6 лютага.-0-