Шведскія дызайнеры падзеляцца з віцебскімі прадпрыемствамі досведам стварэння рынку сувенірнай прадукцыі
1 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Шведскія дызайнеры ў жніўні прыедуць у Віцебск і абмяняюцца вопытам стварэння рынку сувенірнай прадукцыі. Гэтая сустрэча арганізавана ў рамках шведска-беларуска-латвійскага праекта "Панорама-Дзвіна-Даўгава" і пацверджана на сустрэчы старшыні Віцебскага гарвыканкама і губернатара вострава Готланд, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле знешнеэканамічных сувязей Віцебскага гарвыканкама.
Дызайнеры вывучаць рынак віцебскай сувенірнай прадукцыі і падзеляцца сваімі прапановамі па развіцці гэтай індустрыі ў абласным цэнтры. Праектам "Панорама-Дзвіна-Даўгава" сёлета таксама запланаваны семінар для гасцініц і рэстаранаў па вядзенні турыстычнага бізнесу. Ён пройдзе ў чэрвені ў Полацку. Падчас семінара кулінары з Беларусі, Швецыі і Латвіі будуць спаборнічаць у сваім майстэрстве.
У кастрычніку бягучага года ў Віцебску адбудзецца заключная канферэнцыя па выніках праекта "Панорама-Дзвіна-Даўгава", дзе будуць намечаны перспектывы далейшага супрацоўніцтва ў фармаце падпісаных дагавораў і новых міжнародных праектаў.
Трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве ў развіцці культурнага турызму паміж Швецыяй, Беларуссю і Латвіяй па праекце "Панорама-Дзвіна-Даўгава" было падпісана ў маі 2005 года. Для яго рэалізацыі ў кожнай краіне былі створаны каардынацыйныя цэнтры ў Віцебску, Полацку, Даўгаўпілсе, Вісбю. Праект фінансуецца шведскім агенцтвам міжнароднага развіцця СІДА.-0-