Шведскі Готланд прапануе Віцебску сумесныя праекты ў энергазберажэнні пры перапрацоўцы даламіту

1 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Востраў Готланд (Швецыя) гатовы падзяліцца з Віцебскам новымі тэхналогіямі ў энергазберажэнні пры здабычы і перапрацоўцы даламіту. Такая прапанова прагучала сёння ў Віцебску ад губернатара шведскага вострава Марыяны Самуэльсан на сустрэчы са старшынёй Віцебскага гарвыканкама Віктарам Нікалайкіным, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Марыяны Самуэльсан, на востраве працуе буйное даламітаперапрацоўчае прадпрыемства, якое ажыццяўляе пастаўкі сваёй прадукцыі на экспарт. Яго спецыялісты гатовыя поделiцца з віцебскім адкрытым акцыянерным таварыствам "Даламіт" як тэхналагічнымі навінкамі, так і аказаць садзейнічанне ва ўкараненні тэхналогій выкарыстання цяпла, якое выпрацоўваецца ў ходзе вытворчасці. На Готландзе гэта цяпло выкарыстоўваецца для ацяплення спартыўных збудаванняў. У ходзе сустрэчы губернатар таксама выказала зацікаўленасць ва ўдзеле шведскіх бізнесменаў у стварэнні транспартна-лагістычнага цэнтра на базе аэрапорта "Віцебск". Яна таксама прапанавала арганізаваць прамы авіярэйс "Готланд-Віцебск-Готланд" з тым, каб павялічыць паток шведскіх турыстаў у Віцебскую вобласць. Яшчэ адной сферай узаемных інтарэсаў можа стаць ільнаводства. Як адзначыла Марыяна Самуэльсан, востраў Готланд у сілу гістарычных і культурных асаблівасцей з'яўляецца велізарным спажыўцом ільняных тканін. Яна адзначыла высокую якасць беларускага лёну і выказала зацікаўленасць у яго пастаўках. Марыяна Самуэльсан прапанавала дзелавым колам Віцебска ў найбліжэйшы час наведаць востраў, каб сумесна са шведскімі бізнесменамі распрацаваць канкрэтныя крокі па ажыццяўленні гэтых прапаноў. Віцебск, нароўні з Полацкам і Мёрскім раёнам, а таксама востраў Готланд і Даўгаўпілскі раён Латвіі з'яўляюцца ўдзельнікамі шведска-беларуска-латвійскага праекта "Панарама-Дзвіна-Даўгава", мэта якога - супрацоўніцтва па развіцці культурнага турызму паміж трыма дзяржавамі. Праект фінансуецца шведскім агенцтвам міжнароднага развіцця СІДА. Паміж Віцебскам і востравам Готланд заключаны дагавор аб супрацоўніцтве ў эканамічнай і культурнай сферах.-0-