«Швеек катастрофічна не хапае». На ААТ «Праца-Віцебск» тэрмінова патрабуюцца работнікі

З першых дзён у барацьбу з пандэміяй у вобласці ўключылася і ААТ «Праца-Віцебск». Прадпрыемства пераарыентавала сваю вытворчасць на пашыў аднаразовага медыцынскага спецадзення, адклаўшы ўсе астатнія праекты. Тысячамі выпускае так неабходныя сёння медыкам камбінезоны, халаты, бахілы і шапачкі. Пастаянна нарошчвае аб'ёмы.

– Усе абаротныя сродкі мы ўклалі ў матэрыял і гатовы істотна павялічыць колькасць выпускаемай прадукцыі, – распавёў дырэктар прадпрыемства Віталь Старыковіч. – Тым больш, што попыт на яе па-ранейшаму вялікі. Вось толькі швачак катастрафічна не хапае. Мы проста сёння гатовы прыняць на працу каля 50 чалавек. Іншагароднім дапаможам з інтэрнатам.

Свой уклад у агульную шляхетную справу ўносяць і навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа, якія праходзяць практыку на прадпрыемстве. Утраіх дзяўчаты за змену адшываюць больш за сотню шапачак, з кожным днём адточваючы майстэрства, а значыць, павялічваючы хуткасць.

Сёння на ўмовах падраду з ААТ «Праца-Віцебск» супрацоўнічаюць больш за 15 прадпрыемстваў.

"Віцьбічы".