Швейная фабрыка "Віцебчанка" накіруе на тэхпераўзбраенне Br900 млн.

28 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскае абласное швейнае прадпрыемства "Віцебчанка" накіруе на тэхпераўзбраенне ў 2009-2010 гадах Br900 млн., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Андрэй Машчанка. У межах мадэрнізацыі вытворчасці ўжо закуплена айчыннае абсталяванне для раскройнага цэха і 45 машын нямецкай вытворчасці для швейнага цэха. Абсталяванне атрымана, вядзецца яго мантаж і наладка. У бягучым годзе на рэалізацыю праекта будзе асвоена больш за Br300 млн., астатняя частка - у наступным. У выніку маштабнага тэхнічнага пераўзбраення прадпрыемства плануе выйсці ў 2010 годзе па аб'ёме вытворчасці на 110% да ўзроўню 2009 года. Прырост ад рэалізацыі чакаецца ў аб'ёме Br669 млн. Акрамя таго, значна павысіцца якасць выпускаемай прадукцыі, з'явіцца магчымасць пашырыць асартымент, што дазволіць выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, сказаў Андрэй Машчанка. Тэрмін акупнасці праекта - пяць гадоў. Тэхнічнае пераўзбраенне праводзіцца за кошт сродкаў інвестыцыйнага фонду Віцебскага аблвыканкама (90%) і ўласных інвестыцый (10%). Па выніках 2009 года прадпрыемства выпусціць прадукцыі на Br5,5 млрд., што на 14% больш у параўнанні з 2008 годам. Таксама чакаецца, што "Віцебчанка" выйдзе на безубытковы ўзровень працы з станоўчай рэнтабельнасцю ў 1%. Дырэктар прадпрыемства адзначыў, што ў бягучым годзе мастак-мадэльер фабрыкі Тамара Агацій атрымала падзяку старшыні Віцебскага аблвыканкама за распрацоўку калекцый адзення з лёну і ўвайшла ў лік трох лепшых канструктараў Віцебскай вобласці 2009 года. Яшчэ адным значным вынікам года стала павелічэнне да 31% удзельнай вагі ўласнага аб'ёму выпуску прадукцыі. "Астатняя частка прыпадае на давальныя заказы і паслугі. У 2008 годзе яны займалі да 90%", - удакладніў Андрэй Машчанка. Прадпрыемства заснавана ў 1945 годзе. У 2001 годзе перайшло ў камунальную форму ўласнасці. Спецыялізуецца на выпуску мужчынскага, жаночага і дзіцячага верхняга адзення. Асартымент налічвае звыш 100 найменняў вырабаў. Агульная колькасць працаўнікоў - больш за 300 чалавек.-0-