Швецыя выдзеліла 130 тыс. еўра на праект сацыяльнай інтэграцыі маладых інвалідаў у Віцебскай вобласці

Праект будзе рэалізоўвацца з 2009 па 2012 гады. Ён прадугледжвае выданне даведачна-метадычных рэкамендацый і дапаможнікаў, якія адлюстроўваюць перадавы вопыт шведскіх спецыялістаў. Таксама будуць праводзіцца сумесныя круглыя сталы, канферэнцыі па абмене вопытам, а ў снежні гэтага года адбудзецца стажыроўка 10 работнікаў сацыяльнай службы Віцебскай вобласці ў Хальмстадзе.

21 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Шведскі ўрад выдзеліў 130 тыс. еўра на рэалізацыю праекта "Сацыяльная інтэграцыя дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў Віцебскай вобласці". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў кіраўнік праекта Ульф Бенгтсан. У складзе шведскай дэлегацыі з горада Хальмстада ён прымае ўдзел у адукацыйнай канферэнцыі "Адукацыя, рэабілітацыя, вольны час - для каго і навошта?".

Праект будзе рэалізоўвацца з 2009 па 2012 гады. Яго мэта - палепшыць умовы і якасць жыцця дзяцей і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, спрыяць іх інтэграцыі ў грамадства. Яшчэ адна важная задача - зламаць у свядомасці людзей адмоўны стэрэатып, які склаўся ў дачыненні да інвалідаў.

У адпаведнасці з праектам плануецца выдаць даведачна-метадычныя рэкамендацыі і дапаможнікі, якія адлюстроўваюць перадавы вопыт шведскіх спецыялістаў. Таксама будуць праводзіцца сумесныя круглыя сталы, канферэнцыі па абмене вопытам, а ў снежні гэтага года адбудзецца стажыроўка 10 работнікаў сацыяльнай службы Віцебскай вобласці ў Хальмстадзе.

Ульф Бенгтсан адзначыў, што гэта ўжо другі праект Віцебскай вобласці і Хальмстада, накіраваны на паляпшэнне жыцця інвалідаў і які фінансуецца за кошт шведскага боку. Супрацоўніцтва, якое пачалося ў 2005 годзе, паказала актуальнасць гэтага напрамку працы для Беларусі. За час рэалізацыі першага праекта сталі відавочныя паляпшэнні ў дзейнасці па інтэграцыі людзей з асаблівасцямі развіцця. Намяцілася сістэмная праца, павысіўся прафесіяналізм работнікаў, палепшылася стаўленне да гэтай катэгорыі людзей у грамадстве. Больш цікавымі і разнастайнымі сталі формы працы з маладымі інвалідамі.

Адукацыйная канферэнцыя праводзіцца 21-22 кастрычніка ў межах беларуска-шведскага праекта. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі зацікаўленых службаў і арганізацый Хальмстада і Віцебскай вобласці. На працягу двух дзён спецыялісты будуць абмяркоўваць праблемы, звязаныя з сацыяльнай адаптацыяй дзяцей і моладзі з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі, дзяліцца сваімі напрацоўкамі ў гэтай сферы.-0-