Сігналізацыя дапамагла пазбегнуць пажару ў рабочым інтэрнаце ў Віцебску

25 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дзякуючы аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і аўтаномнаму пажарнаму апавяшчальніку ўдалося не дапусціць пажару ў рабочым інтэрнаце віцебскай швейнай фабрыкі "Сцяг індустрыялізацыі", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. Прычынай здарэння на 4-м паверсе 9-павярховага інтэрната стала працуючая, але пакінутая без нагляду пральная машына. Як было ўстаноўлена, у выніку кароткага замыкання адбылося ўзгаранне. Дзякуючы аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі частка пакояў на паверсе былі абясточаны, а аўтаномны пажарны апавяшчальнік сваім сігналам паведаміў гаспадару і суседзям аб здарэнні. Да прыезду ратавальнікаў жыхары паспелі нават зрабіць першыя крокі па тушэнні ўзгарання. Своечасова пададзеныя сігналы дазволілі аператыўна прыняць меры па тушэнні і абысціся без эвакуацыі пражываючых. Як адзначыла Марына Фандо, з пачатку бягучага года гэта трэці выпадак, калі на аб'ектах з масавым знаходжаннем людзей пажарныя сігналізацыі дапамагаюць пазбегнуць буйной матэрыяльнай шкоды і, што самае галоўнае, чалавечых ахвяр. Паводле даных ВУМНС, у вобласці ўсе аб'екты з масавым знаходжаннем людзей забяспечаны сістэмамі апавяшчэння аб пажарах.-0-