Сіла беларусаў – у адзінстве і згуртаванасці – меркаванне ветэрана

26 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сіла беларусаў у адзінстве і зладжанасці. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага абласнога савета ветэранаў Генадзь Герасімавіч, каментуючы штогадовае Пасланне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Беларусь праводзіць самастойную, адкрытую і сяброўскую палітыку. "Многім гэта імпануе. Ёсць сёння і тыя, хто аддаў бы перавагу сам дыктаваць нашаму народу сваю волю. Аднак гэта проста немагчыма, бо мужнасць, незалежнасць, любоў да сваёй Радзімы і павага да сябе як да нацыі ў беларусаў закладзены ў менталітэце на генетычным узроўні", - лічыць ветэран. "Успомніце Вялікую Айчынную вайну, больш раннія ваенныя канфлікты, у якіх удзельнічалі нашы продкі. Ні адзін з іх не быў захопніцкім, усе мелі вызваленчы характар", - падкрэсліў Генадзь Герасімавіч. Выстаяць у самыя цяжкія часы беларусам дапамагалі зладжанасць, узаемавыручка і адзінства. І чым цяжэй складаліся ўмовы, тым мацней, на думку ветэрана, выяўляліся гэтыя якасці. У час нядаўняга выбуху ў метро нашы грамадзяне без панікі аказвалі падтрымку адзін аднаму, адразу пасля трагедыі на бяду адгукнуўся ўвесь народ, адзначыў Генадзь Герасімавіч. Правільным і своечасовым палічыў старшыня абласной арганізацыі ветэранаў заклік кіраўніка дзяржавы кардынальна змяніць стаўленне да жыцця, быць больш уважлівымі і асцярожнымі, не ігнараваць любыя небяспекі. "Мы жывём у спакойнай, мірнай краіне. Аднак час мяняецца, з'яўляюцца новыя пагрозы. Успрымаць іх трэба адэкватна, своечасова прымаць папераджальныя меры. А для гэтага варта памятаць, што наша агульная бяспека залежыць ад кожнага з нас", - падкрэсліў ветэран.-0-