«Сіла – у адзінстве, адзінства – у міры!» У Оршы прайшоў моладзевы форум-фестываль
Мерапрыемства стала адпраўной кропкай для таго, каб згуртаваць менавіта гэту катэгорыю маладых людзей, якая ў нас застаецца не ахопленай у поўнай меры, – адзначыў першы сакратар абласной арганізацыі ГА «БРСМ» Уладзімір Бабічаў. – Сёлета на базе Оршы плануем даць старт абласному праекту «Студэнт года. Каледж», у якім задзейнічаем навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Віцебшчыны.
Беларусь мірная і народная, Беларусь гасцінная і моладзевая. Форум-фестываль, пляцоўкай для якога стаў Аршанскі дзяржаўны медыцынскі каледж, падзялілі на чатыры тэматычных блока. У кожным выступілі спікеры і навучэнцы.
Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Калачоў падкрэсліў, што патрыятызм сёння надзвычай актуальны.
– Паглядзіце, як цяпер хочуць перапісаць нашу гісторыю, – сказаў намеснік старшыні. – А ведь у яе ўроках – наша сучаснасць і будучыня. Пройдзе зусім няшмат часу, і вам, якія сядзяць у гэтай зале, давядзецца прымаць рашэнні, па якім шляху ісці. Вы не павінны быць вядомымі – любы крок, які будзеце рабіць, любы шлях, які будзеце выбіраць, вы павінны дакладна ўсведамляць і рухацца мэтанакіравана.
У якасці спікера блока «Беларусь мірная» запрасілі старшыню Аршанскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Андрэя Баброва. Ён расказаў, што адчувалі яны, зусім юныя, ведаючы, што ідуць не проста служыць Радзіме, а адпраўляюцца на вайну. Воін-інтэрнацыяналіст адказаў на пытанні ўдзельнікаў форуму-фестывалю.
– Самае дарагое, што ёсць у чалавека – гэта яго жыццё, – падвёў вынік Андрэй Баброў. – Ніхто не мае права адбіраць яго. У мяне два дзяды загінулі на вайне. Адзін пад Берлінам, другі пахаваны ў брацкай магіле пад Горкамі. Тыя традыцыі, на якіх выхоўвалі нас, – непарушныя і самыя каштоўныя. Цяпер мы павінны гэтыя традыцыі перадаць дзецям і ўнукам. Страціць лёгка, вярнуць і аднавіць цяжка. Беларусь – гэта наш дом, і хочацца, каб мы былі паўнапраўнымі гаспадарамі ў ім, ганарыліся нашай гісторыяй і з упэўненасцю глядзелі ў будучыню.
Прадстаўляць «Беларусь гасцінную» даверылі навучэнцам медыцынскага каледжа з Туркменістана. Яны расказалі пра сваю культуру, традыцыі, паказалі нацыянальныя танцы і песні, падзяліліся ўражаннямі аб вучобе ў Беларусі.
– Гэта цудоўная краіна, дзе жывуць гасцінныя, шчодрыя, адкрытыя і добрыя людзі, – сказала студэнтка трэцяга курса Сурай Бердзеймурадава. – Мне падабаецца тут вучыцца і жыць, хоць з мовай яшчэ ёсць пэўныя цяжкасці. Але гэта ўсё дробязі ў параўнанні з тымі цеплынёй і разуменнем, з якімі да нас тут ставяцца. Усё для людзей, усё для іх спакою і дабрабыту.
– Беларусь – гэта сапраўды краіна для жыцця, – падкрэсліла дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу, настаўнік-метадыст ДУА «Дапаможная школа №24 г. Орша» Алена Семянкова. – Самае галоўнае – сацыяльная накіраванасць развіцця нашай дзяржавы, суверэннасць. Тыя словы, якія былі абраны слоганам VI Усебеларускага народнага сходу, – «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць» – і ёсць самыя галоўныя вектары на наступную пяцігодку. Сярод асноўных напрамкаў развіцця дзяржавы вялікая ўвага нададзена працы з моладдзю, яе патрыятычнаму і грамадзянскаму выхаванню. Тэма гераізацыі фашызму, адсутнасць пэўных матываў для засваення ўрокаў гісторыі – гэта тое, чаго быць не павінна. За нашымі спінамі нябачна стаяць загінулыя за мір і будучыню. Важна, наколькі мы пра іх памятаем і захоўваем, зберагаем спадчыну.
Сустракалі і праводзілі гасцей форуму-фестывалю ўдзельнікі акцыі «Роднае-народнае», якія павязалі на рукі ўсім ахвотным чырвона-зялёныя стужачкі і ўручылі сувеніры з сімволікай нашай дзяржавы. Таксама ў фае медкаледжа працавала выстава творчасці моладзі Беларусі і Туркменістана.
Марыя Шматава, першы сакратар Аршанскага РК ГА «БРСМ»:
– Мы ўпершыню аб'ядналі дзве, здавалася б, такія розныя формы працы, і гэта ўдалося споўна. Бо наша моладзь – творчая і ініцыятыўная, якая можа выказаць свае думкі і эмоцыі не толькі на словах, але і праз песню, танец, дэкламацыю, ігру на музычных інструментах. Думаю, цяпер форумы-фестывалі стануць у рэгіёне папулярнымі і аб'яднаюць навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.