Найлепшая добраахвотная пажарная каманда працуе на гомельскім падраздзяленні РУП "Беларуснафта".

12 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Добровльчая пажарная каманда гомельскага падраздзялення РУП "Беларуснафта" стала пераможцам XI Рэспубліканскага турніру сярод пазаштатных пажарных фарміраванняў па пажарна-выратавальным спорце, які завяршыўся сёння ў Наваполацку. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў цэнтры прапаганды і навучання пры Віцебскім абласным упраўленні МНС. Пажарная дружына гомельскіх нафтавікоў ва ўпартай барацьбе абышла каманды ЦЭЦ-4 (Мінск) і РУП "Віцебскэнерга", якія ў выніку занялі адпаведна другое і трэцяе месцы. Гомельчане паказалі лепшы вынік у пераадоленні стометровай паласы з перашкодамі і пажарнай эстафеце 4х100м, а таксама сталі другімі пры выкананні баявога разгортвання ад мотапомпы, саступіўшы толькі сталічнай камандзе энергетыкаў. Усяго ў турніры прынялі ўдзел пазаштатныя пажарныя фарміраванні РУП "Віцебскэнерга", ЦЭЦ-4 (Мінск), ААТ "Белкард" (Гродна), гомельскіх падраздзяленняў РУП "Беларуснафта" і ААТ "Белтрансгаз", ААТ "Брэсцкі мясакамбінат", ААТ "Магілёўхімвалакно" і Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў (Мінская вобласць), якія перамаглі на абласных адборачных этапах спаборніцтваў. Каманды высвятлялі наймацнейшых у трох відах праграмы. Асноўнымі мэтамі традыцыйнага турніру з'яўляюцца папулярызацыя і развіццё дзейнасці пазаштатных пажарных фарміраванняў, удасканаленне прафесійнага і спартыўнага майстэрства членаў добраахвотных пажарных каманд, прыцягненне насельніцтва да заняткаў прыкладнымі відамі спорту, накіраванымі на падрыхтоўку да дзеянняў у надзвычайных сітуацыях і аказанне дапамогі людзям, якія трапілі ў НС. Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне "Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства", МНС Беларусі і Белдзяржстрах выступілі арганізатарамі спаборніцтваў.-0-