Найлепшыя валейбольныя каманды Беларусі і Расіі згуляюць за Кубак Саюзнай дзяржавы ў Віцебску
17 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Найлепшыя мужчынскія валейбольныя каманды Беларусі і Расіі ўступяць у барацьбу за Кубак Саюзнай дзяржавы і прызы РУПП "Віцязь" на традыцыйным, 14-м па ліку, міжнародным турніры, які стартуе 25 жніўня ў Віцебску. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на віцебскім тэлезаводзе.
Галоўны прыз спаборніцтваў разыграюць 8 каманд. У Віцебск прыедуць чэмпіён суперлігі Расіі 2009 года, пераможца еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў-2008 "Зеніт" (Казань), пераможца Кубка ЕКВ 2009 года, сяміразовы чэмпіён Расіі і двухразовы пераможца еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў "Лакаматыў - Белагор'е" (Белгород), неаднаразовы прызёр расійскіх і еўрапейскіх спаборніцтваў "Іскра" (Адзінцова), а таксама "Лакаматыў-Ізумруд" (Екацярынбург) і "ГУУБ-Дынама" (Краснадар). Беларусь на турніры будуць прадстаўляць двухразовы чэмпіён краіны, уладальнік Кубка Беларусі 2008 і 2009 гадоў "ГВК-Металург" са Жлобіна, "Будаўнік" (Мінск) і віцебскі клуб "Марка", неаднаразовы пераможца нацыянальных чэмпіянатаў і Кубка Беларусі.
Традыцыйны турнір у трэці раз праводзіцца пад эгідай Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, які заснаваў прызавы фонд у памеры 250 тыс. расійскіх рублёў. Каманды будуць выяўляць наймацнейшага пад скляпеннямі віцебскага Цэнтральнага спартыўнага комплексу. На першым этапе валейбалісты вызначаць наймацнейшых у дзвюх падгрупах, а затым па выніках вочных паядынкаў стануць вядомыя пераможца і прызёры спаборніцтваў.
Акрамя галоўнага прыза ад Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы лепшыя каманды, трэнеры і спартсмены ўвязуць з Віцебска каштоўныя прызы ад РУПП "Віцязь". Без увагі арганізатараў не застануцца і самыя актыўныя заўзятары. Нягледзячы на напружаны графік гульняў, для спартсменаў падрыхтавана экскурсійная праграма па славутасцях Віцебска. Завершыцца турнір 30 жніўня.
Арганізатарамі выступаюць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Віцебскія аблвыканкам і гарвыканкам, РУПП "Віцязь".-0-