Моцны лівень з градам у Віцебску прывёў да часовых прыпынкаў электратранспарту
19 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебску моцны лівень, які суправаджаўся парывамi ветру i градам, прывёў да часовых прыпынкаў руху трамваяў на асобных участках гарадскіх магістраляў. У цяперашні час рух цалкам адноўлены, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім трамвайна-тралейбусным упраўленні.
Так, часовыя прыпынкі электратранспарту былі адзначаны ў раёне Смаленскага рынку і чыгуначнага вакзала. З-за моцнага патоку ліўневая каналізацыя адначасова не спраўлялася з пропускам вады, з-за чаго трамваі вымушаны былі спыняцца. Пасля натуральнага сыходу вады рух аднаўляўся.
Рух трамваяў быў ускладнены таксама ў некаторых іншых частках горада, але на кароткачасовы перыяд, так як павышэнне ўзроўню вады было нязначным і не працяглым па часе. Прыцягненне спецыялізаваных падраздзяленняў і службаў не запатрабавалася.
Па папярэдніх дадзеных Віцебскаблгідрамета, у горадзе выпала дзве дэкадныя нормы ападкаў.-0-