Сімвалам абласных «Дажынак-2015» стане шмат'ярусны каравай з мукі новага ўраджаю
Галоўным сімвалам абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2015» стане шмат'ярусны хлебны каравай, выпечаны майстрамі ААТ «Віцебскхлебпрам» з мукі новага ўраджаю. Менавіта гэты шэдэўр хлебапячэння вагой каля 100 кг узначаліць урачыстае шэсце.
Святочны каравай-2015 будзе значна аб'ёмнейшым за леташні. І гэта не дзіўна, бо на Віцебшчыне аграрыі сабралі рэкордны за апошнія 30 гадоў ураджай. Падрыхтоўка да выпечкі галоўнага атрыбута ўрачыстасці хлебаробаў пачалася загадзя. Адказны ўчастак даверылі цеставоду Наталлі Сычэвай з 20-гадовым стажам працы, якая ўкладвае ў кожную дэталь вырабу душу і цяпло сваіх рук. Знешні выгляд каравая адлюстроўвае асноўныя этапы сельскагаспадарчай дзейнасці. Выраб запатрабаваў пэўных прафесійных навыкаў у розных тэхніках працы з цестам.
Разам з кандытарам Нінай Калеснікавіч яны «узводзілі» ярусы. Такі працаёмкі працэс, па прызнанні Наталлі Сычэвай, заняў тры дні — ад замесу цеста да зборкі. Пасля гэтага ўпрыгожанні з прэснага цеста, якія вырабляліся загадзя, гарманічна ўпляліся ў каравайную тканіну — разнастайнасць формаў і завіткаў, коласся, сонца, васількі... Сэрцам такога твора мастацтва стаў рушнік з цеста з надпісам «Дажынкі-2015. Талачын». Адметнасць у змест маляўнічага вырабу дадалі выявы герба райцэнтра, а таксама нацыянальнай сімволікі нашай краіны.Аднак гэта не адзіны каравай, водар якога разнясецца па святочным Талачыне. Да
фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі работнікі віцебскага хлебазавода рыхтуюць цэлы шэраг такіх вырабаў — так таго патрабуюць умовы конкурсу, праводзімага сярод усіх філіялаў прадпрыемства. Да таго ж ААТ «Віцебскхлебпрам» падрыхтавала караваі для сустрэчы дэлегацый і гасцей урачыстасці.Па словах намесніка начальніка вытворча-тэхнічнай лабараторыі прадпрыемства Таццяны Каваленка, хлеб — гэта канчатковы прадукт працяглага працэсу, які пачынаецца з нарыхтоўкі насеннага збожжа, яго пасеву, вырошчвання, уборкі ўраджаю, памолу ў муку і, нарэшце, выпечкі. Такі выраб толькі тады з'яўляецца якасным, калі пры яго вытворчасці захоўваюцца ўсе параметры тэхналагічнага працэсу.
— Свежае збожжа нельга перапрацоўваць. Яно павінна супакоіцца, адпачыць, убраўшы ў адно ўсе свае карысныя якасці, — кажа Таццяна Васільеўна. — Каб хлеб атрымаўся пышным, мука новага ўраджаю павінна адляжацца, што з'яўляецца адным з асноўных крытэрыяў яе высокіх хлебапякарных уласцівасцей.
Жытнёва-пшанічны хлеб вырабляецца па складанай шматстадыйнай заварной тэхналогіі з даданнем патакі, канцэнтрату кваснога сусла, мёду, кмену, солі. Пшанічныя гатункі хлеба і батонаў выпякаюць на апары з пшанічнай мукі з выкарыстаннем цукру, алею, маргарыну, солі і дрожджаў. Замешанае, выброджанае цеста падвяргаецца механічнай апрацоўцы: дзяленню на кавалкі, акругленню і закатцы. Пасля гэтага будучыя булачкі і хлеб адпраўляюцца ў расстойную шафу для надання аб'ёму і формы, а далей у печ хвілін на 25-40 у залежнасці ад вагі. Вырабы выпякаюцца пры высокай тэмпературы і ўжо з падсмажанай скарыначкай паступаюць на ўкладку і астуджэнне. Далей — упакоўка-маркіроўка, экспедыцыя, прылавак.
ААТ «Віцебскхлебпрам» выпякае хлеб у асноўным з мукі, вырабленай у нашым рэгіёне. Дзякуючы добраму ўраджаю патрэбы ўнутранага рынку будуць цалкам забяспечаны.
Характэрна, што геаграфія паставак прадпрыемства закранае і рэгіёны Расіі. Больш за 10 гадоў прадукцыя экспартуецца ў Маскоўскую, Ленінградскую, Смаленскую, Пскоўскую вобласці. Хлебабулачныя вырабы пад гандлёвай маркай «Каравай Прыдзвіння» з мукі новага ўраджаю ўжо запоўнілі прылаўкі магазінаў. Штосутачна ў гандлёвыя аб'екты вобласці адгружаецца 93,5 т хлеба, 36,2 т здобных і булачных вырабаў, 3,5 т сухарна-бараначнай прадукцыі, 33,6 т дыетычных і ўзбагачаных вырабаў, 6,5 т кандытарскіх. Пры гэтым 59% прадукцыі — ва ўпакаваным выглядзе, у тым ліку 41% яшчэ і нарэзана на лустачкі.Супрацоўнікі прадпрыемства пастаянна вывучаюць спажывецкі попыт і ўдасканальваюць сваё майстэрства. За 6 месяцаў бягучага года спецыялістамі распрацавана 40 рэцэптур хлебабулачных і 26 — кандытарскіх вырабаў. Дарэчы, усяго ў аб'яднанні ўкаранёна ў вытворчасць 107 найменняў новай прадукцыі.
Характэрна, што ААТ «Віцебскхлебпрам» рухаецца па шляху здаровага харчавання. У бліжэйшы час аднаўляецца вытворчасць хлебца «Міраж» з даданнем пшанічных вотруб'яў і фітакампазіцыі, якая ўзбагачае выраб селенам.
Працягваючы шматгадовыя традыцыі, прадпрыемства робіць стаўку на натуральную сыравіну і традыцыйныя тэхналогіі. Для прафілактычнага і лячэбнага рацыёну выпрацоўваюцца дыетычныя і дыябетычныя гатункі хлебабулачных вырабаў, якія змяшчаюць пшанічныя вотруб'і, збожжавыя дабаўкі, ёдказеін, натуральны заменнік цукру — экстракт стэвіі. За кошт павышанага ўтрымання ў іх балластных рэчываў хутка наступае пачуццё насычэння. Дзякуючы гэтым натуральным блакатарам калорый можна рэгуляваць вагу.
Для тых, хто пакутуе захворваннямі страўнікава-кішачнага тракту, віцебскія тэхнолагі распрацавалі дыетычны збожжавы хлеб «Хутарок». Характэрна, што навінка атрымала высокую ацэнку на рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Ласунак»
-2015», стаўшы ўладальнікам залатога медаля. Такі хлеб вырабляецца са сумесі пшанічнай мукі першага гатунку, 15% суцэльнага прапаранага збожжа пшаніцы. Упрыгожвае «Хуторок» аблямоўка з аўсяных пласцінак.Для прафілактычнага харчавання людзей, хворых на цукровы дыябет, ААТ «Віцебскхлебпрам» прапануе шэраг вырабаў: хлебец «Сцябелек» са стэвіяй, дыябетычны жытні хлеб «Прыдзвінскі», хлебец «Лугавецкі», дыябетычныя сушкі «Дзвінскія», дыябетычныя сухары «Капрыз» з даданнем сарбіту і іншыя. Акрамя таго, аднавілі вытворчасць дыябетычных тортаў і пірожных. Па просьбах спажыўцоў асвоена тэхналогія вытворчасці бездражджавых гатункаў хлеба — «Віцебскі», «Старадаўнi Вiцебск», «Несцерка», хлеб з грэчкай і іншыя.
— Клапоцячыся пра сваё здароўе, спажыўцы пры выбары вырабаў звяртаюць увагу на склад прадукцыі, у якой не ўтрымліваюцца харчовыя дабаўкі і штучныя кампаненты. Таму ў нашых вырабаў стабільны і ўстойлівы попыт, — сказала Таццяна Каваленка.
Перад тым як прадукцыя паступіць у гандлёвую сетку, яна праходзіць строгі кантроль. Віцебскія тэхнолагі рэгулярна ажыццяўляюць праверкі, ацэньваючы якасць па цэлым шэрагу крытэрыяў, уключаючы знешні выгляд, смакавыя характарыстыкі. Відавочны і эфект ад апетытнай і карыснай выпечкі: добрая імунная сістэма, прыпадняты настрой і жыццёвы тонус.
Вольга Булавка, «Віцебскія весці». Фота аўтара.