Сірыйскія медыкі будуць закупляць у Бешанковічах лекі ад раку
Пра гэта ішла размова падчас нядаўняга візіту на бяшанковіцкае прадпрыемства афіцыйнай дэлегацыі Міністэрства аховы здароўя Сірыі на чале з міністрам Нізарам Вахбе Языджы. Як паведаміла менеджар па сувязях з грамадскасцю фармвытворцы Алёна Мар'янская, блізкаўсходнія госці азнаёміліся з вытворчымі магчымасцямі «Навітыты». У ходзе перамоваў кіраўнік сірыйскай дэлегацыі высока ацаніў патэнцыял кампаніі і выказаў зацікаўленасць у закупках лекаў для патрэб лячэбных устаноў Сірыі.
Старшыня савета дырэктараў «Навітыты» Аляксей Сычоў адзначыў, што рынак Сірыі з'яўляецца прыярытэтным для кампаніі і ў найбліжэйшы час будуць прадстаўлены ўсе неабходныя дакументы для рэгістрацыі там лекавых сродкаў. Для замацавання дасягнутых дамоўленасцей і фарміравання дарожнай карты супрацоўніцтва спадар Нізар Вахбе Языджы запрасіў кіраўніцтва бяшанковіцкай кампаніі наведаць Дамаск у канцы бягучага года і паўдзельнічаць у бізнес-форуме, асноўнай тэмай якога стане развіццё фармацэўтычнай прамысловасці Сірыі.
Асобнай тэмай перамоваў стала абмеркаванне магчымасці стварэння аналагічнай вытворчасці ў Сірыі. Міністр гатоў пасадзейнічаць у рэалізацыі такога праекта. Варыянты супрацоўніцтва будуць абмяркоўвацца з зацікаўленымі ў партнёрстве сірыйскімі кампаніямі.
Да 2020 года аб'ём экспартных паставак СААТ «Навітыта» прагназуецца на ўзроўні
50 млн еўра.
Сяргей Антонаў, "Віцебскія весці". Фота з адкрытых крыніц.