«Сістэма лаяльнасці» пачала працаваць у Віцебску
1 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. "Сістэма лаяльнасці" ўведзена ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Віцебскага гарвыканкама.
Для дадатковай сацыяльнай абароны малазабяспечаных катэгорый грамадзян у шасці крамах абласнога цэнтра ўведзены "сістэмы лаяльнасці". На асобныя прадукты харчавання ў гэтых гандлёвых аб'ектах зніжаны гандлёвыя надбаўкі на 3%-5% для пенсіянераў і інвалідаў, а таксама ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны
У акцыю ўключыліся як буйныя гандлёвыя сеткі, такія як "Еўраопт" і "Веста", так і прадпрыемствы Віцебска. ААТ "Малако", напрыклад, штодня з 10-00 да 12-00 прадастаўляе зніжкі інвалідам 1-й і 2-й групы ў двух фірменных крамах. Прыватны бізнес таксама не застаўся абыякавым да праблем малазабяспечаных людзей. У ЗАТ "Юпітэр плюс" па буднях з 9-00 да 11-00 шматдзетныя сем'і і інваліды 1-й і 2-й групы могуць набыць сінтэтычныя мыйныя сродкі ААТ "Бархім" і мыла ААТ "Гомельскі жылкамбінат" з 10-працэнтнай зніжкай.
Да сацыяльнай праграмы па падтрымцы малазабяспечаных слаёў насельніцтва таксама далучылася гарадское прадпрыемства грамадскага харчавання - ААТ "Вітміл". У кафэ "Маладзёжнае" для пенсіянераў уведзены 30% зніжкі на комплексныя абеды з 12-00 да 14-00.
"Сістэма лаяльнасці" запрацавала ў сферы бытавых паслуг. У адной з цырульняў ААТ "Мір паслуг плюс" прадастаўляецца 25-працэнтная зніжка на цырульныя паслугі пенсіянерам, інвалідам 1-й і 2-й групы, шматдзетным маці і студэнтам. Паслуга па выкліку фатографа ААТ "Мір паслуг плюс" на дом абыдзецца пенсіянерам, інвалідам 1-й і 2-й групы на 50% танней. У двух фотастудыях студэнтам прадастаўляецца 25% зніжка на ксеракапіраванне. Акрамя таго, ва ўсіх цырульнях і фотастудыях ААТ "Мір паслуг плюс" прымяняецца гнуткая сістэма зніжак для ветэранаў ВАВ і прыраўнаваных да іх асоб у перадсвяточныя і святочныя дні: 23 лютага, 9 мая, 3 ліпеня.
Работа па правядзенні акцый сацыяльнай накіраванасці ў Віцебску працягваецца. У бліжэйшы час да пераліку аб'ектаў, якія прадастаўляюць льготы малазабяспечаным катэгорыям грамадзян, далучыцца не менш за 25 крамаў і аб'ектаў па аказанні паслуг.-0-