Сістэма мер па дасягненні прагнозных эканамічных паказчыкаў распрацавана ў Віцебскай вобласці

7 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам распрацаваў сістэму мер па дасягненні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна на першае паўгоддзе 2009 года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Святаслаў Зароўскі. Тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах у студзені-чэрвені бягучага года да аналагічнага перыяду мінулага года павінен скласці 113,5%. Для выканання паказчыка перад прадпрыемствамі пастаўлены канкрэтныя задачы. У прыватнасці, ААТ "Нафтан" трэба будзе дадаткова выпусціць больш за 350 тыс.т тэхнічнага растваральніка, вырабіць 390 тыс.т суднавога маласернага паліва. Эканамічны эфект у памеры Br1,5 млрд. чакаецца на Віцебскім кандытарскім камбінаце "Віцьба" ад уводу ў строй лініі па вытворчасці вафельных трубачак прадукцыйнасцю 250 т у год. Новыя віды прадукцыі трэба будзе асвоіць ААТ "Глыбоцкі кансервавы завод". Ужо ў першым паўгоддзі пачнецца вытворчасць салодкай кукурузы і агародніннай сумесі. Па падліках, гэта дазволіць атрымаць эканамічны эфект у памеры Br840 млн. Разам з асваеннем новых відаў прадукцыі перад прадпрыемствамі пастаўлена задача асвойваць новыя рынкі збыту. Аршанскі мясакансервавы камбінат збіраецца пачаць пастаўкі мясных кансерваў у Азербайджан. Развіццю знешнеэканамічнай дзейнасці будзе спрыяць і ўдзел у міжнародных кірмашах, візіты замежных прадпрымальнікаў для азнаямлення з патэнцыялам віцебскіх вытворцаў. У ліпені ў вобласці прадугледжваецца правесці інвестыцыйны форум. Сістэма мер па нарошчванні рознічнага тавараабароту прадугледжвае правядзенне ў абласным цэнтры і райцэнтрах 400 кірмашоў і 120 сезонных распродажаў тавараў. Гандлёвыя прадпрыемствы пашыраць практыку продажу насельніцтву тавараў у растэрміноўку. Пры гэтым асноўнай задачай гандлю стане рэалізацыя тавараў айчынных вытворцаў. Росту платных паслуг будзе спрыяць пашырэнне іх пераліку. Разам з турызмам больш шырокае распаўсюджванне атрымаюць паслугі фізічнай культуры і спорту. Групы тайбо, парт дэ бра, аквафітнесу з'явяцца ў Віцебску і Оршы. Па аператыўных выніках студзеня-красавіка бягучага года, тэмп росту аб'ёму вытворчасці ў супастаўных цэнах складае больш за 110%. -0-