Сістэма мер па выкананні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2013 год зацверджана ў Віцебскай вобласці
Віцебскі аблвыканкам зацвердзіў сістэму мер па выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці на 2013 год, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі абласнога выканаўчага камітэта.
Сістэма мер уключае як пералік арганізацыйных мерапрыемстваў, так і канкрэтныя мерапрыемствы, накіраваныя на выкананне заданняў, устаноўленых распараджэннем старшыні аблвыканкама Аляксандра Косінца. Для дасягнення паказчыка валавога рэгіянальнага прадукту на ўзроўні 112% да студзеня-снежня 2012 года трэба будзе забяспечыць тэмп росту вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на ўзроўні 112% да мінулага года, прырост дабаўленай вартасці ў прамысловасці павінен скласці не менш за 12%, тэмп росту тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі запланаваны на ўзроўні 115%.
Для кожнага прадпрыемства будзе распрацаваны комплекс мер па павелічэнні вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах не менш чым у 1,5 раза за кошт павелічэння загрузкі вытворчых плошчаў не менш чым на 20%, зніжэння працаёмістасці, скарачэння невытворчых страт. На працягу года ў кожным раёне плануецца стварыць не менш за 10 прадпрыемстваў у вытворчай сферы. У вобласці пройдзе не менш за 2 тыс. распродажаў нехарчовых тавараў, 350 кірмашоў сельгаспрадукцыі, сто школьных базараў. На працягу года адкрыюцца 29 магазінаў і 5 аб'ектаў грамадскага харчавання.
Асобны комплекс мерапрыемстваў запланаваны для зніжэння ўзроўню затрат на 1%, матэрыялаёмістасці ў прамысловасці - на 5%, энергаёмістасці - на 8% і дасягнення мэтавага паказчыка па энергазберажэнні на ўзроўні мінус 8%. Мяркуецца, што зніжэнне прамежкавага спажывання будзе забяспечана за кошт рэалізацыі мерапрыемстваў па мадэрнізацыі вытворчасці. У кожнай арганізацыі будзе праведзена інвентарызацыя і паменшаны нормы і нарматывы выдаткаў усіх відаў рэсурсаў, таксама запланаваны абавязковыя энергетычныя абследаванні арганізацый. У месцах агульнага карыстання жыллёвага фонду плануецца ўсталяваць больш за 50 тыс. прылад аўтаматычнага кіравання асвятленнем.
Для павелічэння ў 2013 годзе экспарту тавараў без уліку нафты і нафтапрадуктаў на 50% у параўнанні з 2012 годам запланавана значна нарасціць экспарт мяса-малочнай прадукцыі, развіваць тавараправодзячую сетку ў Расійскай Федэрацыі і Казахстане, праводзіць адгрузкі тавараў у гандлёвы дом "Беларусь-В'етнам". У вобласці будзе працягнута работа па дыверсіфікацыі экспартных продажаў і забяспечаны сустрэчны продаж тавараў у краіны, з якіх прадукцыя толькі завозіцца.
Персанальная адказнасць за выкананне сістэмы мер ускладзена на старшынь гарадскіх і раённых выканкамаў, кіраўнікоў камітэтаў і ўпраўленняў аблвыканкама.