Сістэма адпрацавана: як медыкі абараняюць жыхароў Віцебска

Новая гарадская цэнтральная паліклініка Віцебска, уведзеная ў эксплуатацыю крыху больш за год таму, самая вялікая ў горадзе. Сёння яна абслугоўвае каля 60 тысяч чалавек. Што змянілася ў сувязі са складанымі эпідэміялагічнымі ўмовамі? Як падчас пандэміі перабудавалася схема працы персаналу? Якія перспектывы на бліжэйшую будучыню?

Галоўны ўрач ВГЦП Станіслаў Цітовіч, які каардынуе ўсю паліклінічную дапамогу даросламу насельніцтву ў Віцебску, нешматслоўны, але яго настрой зразумелы:

— Стратэгія працы ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруса вызначана, яе правільнасць пацверджана прадстаўнікамі СААЗ, якія наведалі шэраг медустаноў і маглі асабіста азнаёміцца з практыкай нашай працы. Так, лекарам цяпер нялёгка, нагрузка каласальная. І яна, несумненна, у бліжэйшы час будзе расці. Паліклінікі практычна знаходзяцца на перадавой — менавіта сюды ў першую чаргу звяртаюцца людзі, якія адчулі недамаганне. Наша справа — своечасова паставіць дыягназ і прызначыць лячэнне. Пры неабходнасці — адправіць у стацыянар. Новыя формы і метады ўзаемадзеяння з калегамі ўжо адпрацаваны. Цяпер мы гатовыя да любых нечаканасцяў: ёсць рэзервы і сіл, і сродкаў. Супрацоўнікі паліклінічнага звяна забяспечаны неабходнымі сродкамі абароны, запасы спецадзення і антысептыкаў рэгулярна папаўняюцца.

Тэмпературу вымяраюць на ўваходзе.



…На ўваходзе ў медустанову — тэрмакантроль. Увесь персанал паліклінікі ў спецыяльным абмундзіраванні. У руках фельчараў-лабарантаў Ірыны Смолянкінай і Веранікі Каралёвай — бескантактныя тэрмометры. Калі зялёнае святло, то шлях адкрыты. Праўда, спачатку наведвальніка папросяць надзець маску і паведаміць мэту візіту. Калі справа не тэрміновая або яе можна вырашыць анлайн, медыкі прапануюць пачакаць з наведваннем кабінетаў для ўласнай жа бяспекі:

— З высокай тэмпературай у рэгістратуру прыходзяць нячаста: вакол будынка вісяць указальнікі, куды трэба звяртацца ў выпадку прыкмет ВРВІ. Гэта іншы, цалкам аўтаномны ад паліклінікі блок з асобным уваходам.



Калі параўноўваць цяперашнюю сітуацыю з рэаліямі трох-чатырох­тыднёвай даўніны, то паток пацыентаў у паліклініку значна скараціўся. Але гэта не азначае, што ўрачам стала нашмат лягчэй, — у іх сёння мноства іншых абавязкаў. Нагрузка ўзрасла шматкроць. Калі ў ранейшыя гады звычайна ў міжсезонне ў горадзе рэгістравалася 400 — 900 выпадкаў ВРВІ, то цяпер — звыш 4 тысяч. Усе аддзяленні паліклінікі пераарыентаваны на аказанне дапамогі людзям з прыкметамі рэспіраторных захворванняў і пнеўманій. Прыём і выезды на дом ажыццяўляюць усе: і неўролагі, і ЛОР-урачы, і іншыя спецыялісты.

Станіслаў Цітовіч падкрэслівае:

— Мы праводзім вялікую тлумачальную працу. У выніку зніжаем колькасць гараджан, якія асабіста звяртаюцца ў медустановы горада. Выпіску рэцэптаў, атрыманне ўсялякіх даведак, кансультацыі вузкіх спецыялістаў па магчымасці ажыццяўляем анлайн або з выездам на дом. На жаль, далёка не ўсе ставяцца да новых правілаў з разуменнем: многія пенсіянеры па старой звычцы хочуць самастойна наведаць участковага ўрача.


У калідорах людзей і праўда менш, чым раней. У кабінеты флюараграфіі і рэнтгена можна прайсці толькі праз спецыяльны ўваход. Многім медыкам прыйшлося часова перакваліфікавацца: закрыты аддзяленніфізіятэрапіі, дзённага стацыянара, медыцынскай рэабілітацыі. Але ўсе кадры заняты. Напрыклад, немалая частка персаналу цяпер працуе над удакладненнем спісаў кантактаў першага і другога узроўняў. Хірург, які толькі што прыехаў ад пацыентаў, па графіку сёння праводзіць забор мазкоў на доме.


Галоўны ўрач не хавае: вялікі аб'ём працы ў дачыненні да тых, хто падлягае самаізаляцыі. Факты невыканання рэжыму рэдкія, але бываюць. У такіх выпадках інфармацыя перадаецца ў сілавыя структуры.

— Спадзяемся, што дзякуючы пастанове Саўміна № 208 ад 8 красавіка аб увядзенні абмежавальнага рэжыму — самаізаляцыі — людзі будуць больш адказна ставіцца да выканання ўстаноўленых правіл і тым самым дапамогуць мінімізаваць пагрозу распаўсюджвання віруса. Бо зрабіць гэта можна толькі сумесна, — падкрэслівае Станіслаў Цітовіч. — Без грамадзянскай свядомасці тут ніяк не абысціся.