Сістэма падрыхтоўкі кіроўцаў у аўташколах будзе ўдасканалена - "Белтэхагляд"
12 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сістэма падрыхтоўкі кіроўцаў у аўташколах будзе ўдасканалена. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, дырэктар УП "Белтэхагляд" Анатоль Пашкевіч. У Віцебску ён прымае ўдзел у рэгіянальным семінары-нарадзе з кіраўнікамі аўташкол Віцебскай вобласці.
"Белтэхагляд", якому перададзены функцыі па сертыфікацыі і кантролі паслуг у гэтай сферы, падрыхтаваў пакет змяненняў у Тэхнічны кодэкс усталяванай практыкі, які вызначае патрабаванні да арганізацыі падрыхтоўкі кіроўцаў і навучальных аўтамабіляў у аўташколах. Планаваная карэкціроўка не прадугледжвае ўзмацнення патрабаванняў да навучальных арганізацый, а накіравана на павышэнне якасці падрыхтоўкі кіроўцаў і ўдасканаленне навучальнага працэсу ў іх, падкрэсліў Анатоль Пашкевіч.
"Сёння наша задача складаецца ў тым, каб у сістэме падрыхтоўкі кіроўцаў асаблівая ўвага надавалася якасці навучання, неабходна вывесці навучальны працэс на новы, сучасны ўзровень", - дадаў ён. Акрамя таго, планаваныя змяненні праграм навучання выкліканы ўвядзеннем з 1 студзеня 2011 года пасведчання кіроўцы новага ўзору, якое прадугледжвае 11 кіроўчых катэгорый і подкатэгорый. Цяпер пакет змяненняў праходзіць узгадненне і абмеркаванне ў органах дзяржкіравання, а таксама з прадстаўнікамі аўташкол, пасля чаго ён будзе накіраваны на зацвярджэнне ва ўрад. Да канца 2010 года змяненні могуць быць прыняты. Праект дакумента размешчаны на сайце "Белтэхагляда".
Карэкціроўкі працэсу падрыхтоўкі кіроўцаў датычацца арганізацыі навучання, у тым ліку практычнага ваджэння, і патрабаванняў да навучальных аўтамабіляў. Праект таксама змяшчае адзіныя патрабаванні да абсталявання аўтадромаў. Пры праверцы аўташкол асноўная маса парушэнняў выяўляецца ў арганізацыі практычнага навучання, падрыхтоўцы навучальных аўтамабіляў, ёсць пытанні і да крытэрыяў ацэнкі якасці навучання.-0-