Сістэма падрыхтоўкі вайскоўцаў 103-й мабільнай брыгады атрымала высокую ацэнку Пастсавета АДКБ

29 ліпеня, Віцебскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Члены Пастаяннага савета пры Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, кіраўніцтва Сакратарыята і Аб'яднанага штаба АДКБ высока ацанілі сістэму і ўзровень баявой падрыхтоўкі ваеннаслужачых 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады Узброеных Сіл Беларусі. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ваеннаслужачыя паказалі найвышэйшую падрыхтоўку. Іх баявая вучоба арганізавана на высокім узроўні", - падкрэсліў Мікалай Бардзюжа. Ён таксама выставіў выдатныя ацэнкі матэрыяльнай базе воінскага злучэння.

Мікалай Бардзюжа адзначыў, што, нягледзячы на тое, што сістэма падрыхтоўкі сіл спецаперацый у Беларусі адаптавана да мясцовых умоў, у ёй ёсць элементы рознай падрыхтоўкі, напрыклад, горнай і воднай, што дазваляе ваеннаслужачым выконваць разнастайныя задачы. "Я задаволены, што 103-я мабільная брыгада ўваходзіць у склад калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ. Яна можа выканаць баявыя задачы, якія перад ёй будуць пастаўлены Саветам па калектыўнай бяспецы", - перакананы генсакратар АДКБ. 

Члены пастаяннага савета пры АДКБ сёння азнаёміліся з узроўнем баявой падрыхтоўкі мабільнай брыгады і яе тэхнічным аснашчэннем. На палігоне ў Віцебскім раёне ўдзельнікі назіралі за дзеяннямі ваеннаслужачых сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі. Ваеннаслужачыя 103-й мабільнай брыгады прадэманстравалі беспарашутнае дэсантаванне, а таксама работу вадалазных падраздзяленняў. Акрамя таго, члены Пастаяннага Савета АДКБ сталі назіральнікамі за ходам правядзення выпрабаванняў на права ўзнагароджання нагрудным знакам Мінабароны Беларусі "Доблесць і майстэрства".

Паездка членаў Пастсавета АДКБ была арганізавана па ініцыятыве беларускага боку ў рамках працяглага старшынства Рэспублікі Беларусь у АДКБ.

Аналагічная паездка адбылася ў красавіку 2010 года ў 98-ю гвардзейскую дывізію паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сіл Расіі. Як адзначыў Мікалай Бардзюжа, ваеннаслужачыя абедзвюх воінскіх частак паказалі аднолькава высокі ўзровень падрыхтоўкі. -0-