Сістэма прафпадрыхтоўкi Віцебскай вобласці здольна забяспечыць найбліжэйшую патрэбу эканомікі ў рабочых кадрах
16 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатоў - БЕЛТА/. Сістэма прафесійнай падрыхтоўкі Віцебскай вобласці здольна забяспечыць найбліжэйшую патрэбу рэальнага сектара эканомікі ў кадрах рабочых спецыяльнасцей. Аб гэтым заявіў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Іван Шчурок сёння на пасяджэнні савета абласнога Саюза наймальнікаў па пытаннях падрыхтоўкі спецыялістаў для прадпрыемстваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сістэма прафпадрыхтоўкі рабочых кадраў уключае 25 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і 34 установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У ССНУ вядзецца падрыхтоўка па 85 спецыяльнасцях для шырокага кола галін эканомікі вобласці, агульная колькасць навучэнцаў складае каля 17 тыс. чалавек. Прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы рыхтуюць кадры па 62 вучэбных спецыяльнасцях, якія ўключаюць 134 адзінкавыя кваліфікацыі, а колькасць навучэнцаў перавышае 14 тыс. чалавек.
У 2010 годзе навучэнцамі ССНУ сталі звыш 8,6 тыс. маладых людзей, або 107% да ўзроўню 2009 года, а колькасць паступіўшых у ПТВ скарацілася амаль да 5,9 тыс., што склала 65% да ўзроўню 2009 года. "Аналіз паказвае, што сістэма прафпадрыхтоўкі вобласці можа задаволіць найбліжэйшую патрэбу галін эканомікі ў кадрах рабочых спецыяльнасцей, але сёння з улікам удасканалення структуры падрыхтоўкі і дэмаграфічнай сітуацыі ўжо трэба шукаць падыходы да вырашэння гэтых праблем у будучыні", - лічыць Іван Шчурок. Пры гэтым у вобласці абвастраецца праблема збалансаванасці рынку працы і рынку адукацыйных паслуг.
Вырашэнне гэтых праблем магчыма ў цесным сацыяльным партнёрстве прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі і навучальных устаноў, упэўнены Іван Шчурок. ССНУ і ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі замацаваны за базавымі прадпрыемствамі, што дазваляе выбудаваць дакладную сістэму ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках. Навучальныя ўстановы адчуваюць сур'ёзную патрэбу ў абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Вострай застаецца кадравая праблема выкладчыцкага складу, асабліва не хапае спецыялістаў з вопытам практычнай працы на вытворчасці. Узровень зарплаты не дае магчымасці прыцягваць на выкладчыцкую працу высокакласных спецыялістаў. Таксама назрэла неабходнасць змены падыходаў па фінансаванні ССНУ, якія маюць ведамасную падпарадкаванасць, з перадачай іх у Міністэрства адукацыі.
Важнай праблемай з'яўляецца ўзровень матэрыяльнага забеспячэння маладога спецыяліста, адзначыў Іван Шчурок. Чым вышэй на прадпрыемстве патрэба ў кадрах, тым ніжэй узровень аплаты працы. У 2010 годзе на асобных прадпрыемствах лёгкай прамысловасці і грамадскага харчавання зарплата маладых спецыялістаў складала ад Br320 тыс. да Br500-700 тыс. Пры правядзенні прафарыентацыйнай работы ў школах назіраецца нежаданне навучэнцаў атрымліваць гэтыя прафесіі. "Навучальныя ўстановы не змогуць укамплектаваць групы і адкрыць падрыхтоўку навучэнцаў па такіх спецыяльнасцях, калі не будуць вырашаны пытанні стымулявання працы", - падкрэсліў Іван Шчурок. Прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі павінны праяўляць максімум намаганняў па замацаванні маладых спецыялістаў на вытворчасці. Тым больш што дэмаграфічная сітуацыя складаная і ў найбліжэйшай будучыні сістэме прафпадрыхтоўкі спецыялістаў вобласці трэба будзе барацьба за кожнага выпускніка базавай і сярэдняй школы.-0-