Сістэма размеркавання паўнамоцтваў па расследаванні крымінальных спраў павінна адпавядаць рэаліям сённяшняга дня - А.Лукашэнка
14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сістэма размеркавання сярод дзяржорганаў паўнамоцтваў па расследаванні крымінальных спраў павінна адпавядаць рэаліям сённяшняга дня. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях удасканалення заканадаўства ў сферы барацьбы са злачыннасцю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Проста кажучы, неабходна вызначыць, наколькі аптымальнай з'яўляецца цяпер дзеючая сістэма размеркавання сярод дзяржаўных органаў паўнамоцтваў па расследаванні тых ці іншых катэгорый крымінальных спраў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Крытэрый адзін: яна павінна адпавядаць рэаліям сённяшняга дня, а не быць застылай догмай, да карэкціроўкі якой усе баяцца падступіцца".
Сённяшняя нарада стала лагічным працягам справаздач праваахоўных структур краіны. На працягу года былі праведзены, мабыць, самыя маштабныя праверкі КДБ, МУС і пракуратуры. "Праверкі выявілі шэраг праблем і адначасова прадвызначылі напрамкі далейшага ўдасканалення работы гэтых дзяржорганаў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Сярод пытанняў першачарговай важнасці - падследчасць крымінальных спраў, якасць і эфектыўнасць ажыццяўляемых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, працэсуальных дзеянняў, а таксама прымяняемых мер стрымання.
Што тычыцца інстытута санкцыянавання пракурорам адпаведных дзеянняў, Прэзідэнт падкрэсліў: "Праверкі паказалі, што, на жаль, у шэрагу выпадкаў санкцыя пракурора не ратуе ад беззаконня, гэта значыць не выконвае свае функцыі". Як сказаў Аляксандр Лукашэнка, пракуроры часта фармальна "падмахіваюць" санкцыі. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў, дзяржбяспекі, іншых праваахоўных органаў у сваю чаргу перакладаюць адказнасць за абгрунтаванасць праводзімых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і працэсуальных дзеянняў на пракурораў, прыкрываючыся атрыманай санкцыяй.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў той жа час маюцца факты, калі неабачлівасць пракурораў, наўмыснае зацягванне ў дачы санкцый або зусім адмова ад іх становяцца перашкодай для своечасовага спынення злачынства і прыцягнення да адказнасці вінаватага.-0-