Сістэма рэагентнай даачысткі сцёкавых вод у Віцебску гатова да запуску
УП "Віцебскводаканал" завяршыла мантаж абсталявання на ачышчальных збудаваннях для зніжэння паказчыка па фосфару ў сцёкавых водах, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны тэхнолаг прадпрыемства Леанід Лемеш.
Абсталяванне набыта за сродкі міжнароднага праекта аховы прыродных рэсурсаў Presto па скарачэнні эўтрафікацыі Балтыйскага мора. На прадпрыемстве 7 і 8 кастрычніка знаходзяцца спецыялісты фінскай кансалтынгавай кампаніі Poyry Finland Oy і Фонду імя Джона Нурмінена (Фінляндыя). Яны займаюцца ацэнкай праведзенай па праекце працы і наладкай абсталявання для функцыянавання сістэмы ў аўтаматычным і ручным рэжыме. Па словах Леаніда Лемеша, з дапамогай рэагентнай даачысткі сцёкавых вод у раку Заходняя Дзвіна трапляе менш азоту і фосфару. Аналагічныя сістэмы ўстаноўлены ў Гродне і Маладзечне, аднак на віцебскім прадпрыемстве вядзецца падбор рэагентаў толькі па фосфару. Пасля вырашэння пытанняў, звязаных з набыццём рэагентаў, ачышчальныя збудаванні пачнуць працу ў новым фармаце.
На рэалізацыю праекта Віцебскаму водаканалу выдзелены грант у памеры 790 тыс. еўра. Інвестыцыі накіраваны не толькі на закупку неабходнага абсталявання, але і на павышэнне кампетэнтнасці абслуговага персаналу ачышчальных збудаванняў, тэхнолагаў, праекціроўшчыкаў, выкладчыкаў па адпаведным профілі. Тры спецыялісты групы рэалізацыі праекта з віцебскага прадпрыемства прайшлі навучанне на семінарах.
Акрамя трох водаканалаў Беларусі ў мерапрыемствах Presto ўдзельнічаюць Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, праектныя інстытуты, а таксама партнёры з Фінляндыі, Германіі, Латвіі і Літвы. Каардынатар - Саюз балтыйскіх гарадоў (Фінляндыя).
Міжнародны праект, які стартаваў у 2011 годзе, завершыцца семінарам у Віцебску 29 кастрычніка. У праграму мерапрыемства ўключана навучанне спецыялістаў рабоце з новымі тэхналогіямі, а таксама дэманстрацыя сістэмы рэагентнай даачысткі сцёкавых вод у дзеянні.
Presto – ужо другі міжнародны праект па скарачэнні эўтрафікацыі Балтыйскага мора, у рэалізацыі якога ўдзельнічае беларускі бок. Эўтрафікацыя з'яўляецца галоўнай экалагічнай праблемай Балтыйскага мора і многіх унутраных вадаёмаў, яна выклікана перасычэннем водных аб'ектаў пажыўнымі рэчывамі і вядзе да парушэння экалагічнай раўнавагі водных аб'ектаў, шкодзіць рыбаводству і адмоўна ўплывае на выкарыстанне вод у пітных, гаспадарча-бытавых мэтах. Удасканаленне ачышчальных працэсаў на гарадскіх збудаваннях у басейне Балтыйскага мора, асабліва на тэрыторыі Беларусі, – адзін з найбольш хуткіх і рэнтабельных метадаў скарачэння біягеннай нагрузкі.
Кацярына Князева