Сістэма збору адпрацаванай тэхнікі ўкараняецца ў Браслаўскім раёне
Сістэма збору адходаў электроннага і электрычнага абсталявання (ЭЭА) ад насельніцтва ўкараняецца ў Браслаўскім раёне праз рэалізацыю праекта Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск) пры фінансаванні ЕС, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА каардынатар праектаў па адходах Анатоль Калач.
Праект "Павышэнне ўзроўню менеджменту ЭЭА на лакальным узроўні ў Беларусі" стартаваў у студзені 2014 года. Яго рэалізуюць Цэнтр экалагічных рашэнняў з аднаго боку і галандская арганізацыя Stichting Bevordering Dialoog in Transitieregio's (STIDIT) - з другога. Пілотнымі рэгіёнамі былі выбраны гарады Жодзіна, Бабруйск і Браслаўскі раён. "Неабходныя тры розныя геаграфічныя зоны з рознай колькасцю і шчыльнасцю насельніцтва, лагістычным складнікам. З тым, каб у будучыні, па выніках праекта, праецыраваць укаранёную ў такіх розных гарадах і раёнах сістэму па зборы адпрацаванай тэхнікі па ўсёй краіне", - растлумачыў Анатоль Калач.
Практычны этап рэалізацыі стартуе ў Браслаўскім раёне, куды ўжо даставілі закупленыя за кошт еўрапейскага фінансавання кантэйнеры для збору дробнай і сярэдняй бытавой тэхнікі (буйная будзе складацца асобна). Два будуць размешчаны на базах прадпрыемства ЖКГ "Браслаў-камунальнік" у райцэнтры і гарадскім пасёлку Відзы і яшчэ пяць - у пунктах збору другаснай сыравіны пры крамах райпо. Гэтыя прадпрыемствы рэгіёну стануць партнёрамі ААТ "БелВТІ", якое займаецца зборам і перапрацоўкай складанай бытавой тэхнікі з утрыманнем каштоўных металаў. Па меры назапашвання адходаў ЭЭА кампанія будзе забіраць іх на перапрацоўку.
У цэлым па праекце запланавана навучанне прадстаўнікоў мясцовай улады і грамадскасці ўстойліваму абыходжанню з адходамі электрычнага і электроннага абсталявання. Запускаецца інфармацыйная кампанія па павышэнні ўзроўню дасведчанасці насельніцтва ў гэтай сферы. Акцэнт у гэтай працы робіцца на падрастаючым пакаленні. Таксама для трох пілотных рэгіёнаў будуць распрацаваны і, часткова або цалкам, укаранёны стратэгіі ўстойлівага кіравання адходамі ЭЭА. І паралельна распрацоўваецца нацыянальная стратэгія, якая разглядае сітуацыю ў Беларусі з пазіцыі існуючай нарматыўна-прававой базы і практыкі.
"Вытворчасць і продажы рознага роду бытавой і электратэхнікі растуць, а тэрмін іх эксплуатацыі зніжаецца. Значыць, павялічваецца і колькасць адходаў. У Беларусі большасць непрыдатнай тэхнікі трапляе на палігоны цвёрдых бытавых адходаў альбо пакідаецца насельніцтвам на несанкцыянаваных звалках. У выніку шмат другасных рэсурсаў (металы, палімеры, гума, шкло) не ідзе ў перапрацоўку. І абсталяванне выдзяляе ў навакольнае асяроддзе шкодныя хімічныя рэчывы. Гэта прыводзіць да забруджвання прыроды і шкодзіць здароўю чалавека. Таму ўжо зараз важна прыняць меры, каб знізіць паступленне электронных і электрычных адходаў на смеццевыя палігоны і захаваць другасныя рэсурсы", - дадаў Анатоль Калач.
Пытанне, куды падзець адслужыўшае абсталяванне, у Браслаўскім раёне дапамагаюць вырашыць адразу два праекты: "Павышэнне ўзроўню менеджменту адходаў электроннага і электрычнага абсталявання на лакальным узроўні ў Рэспубліцы Беларусь" і "Удасканаленне сістэмы кіравання адходамі электроннага і электрычнага абсталявання ў Браслаўскім раёне", які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам.
Кацярына Князева