Сістэму электроннага браніравання чаргі ў памежных пунктах пропуску ўвядуць у 2015 годзе
У найбліжэйшай будучыні час перасячэння беларускай мяжы можна будзе забраніраваць праз Інтэрнэт. Праект Указа аб укараненні сістэмы электроннай чаргі ў аўтадарожных пунктах пропуску праз дзяржмяжу перададзены на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта.
З такой заявай выступіў старшыня Дзяржпагранкамітэта Беларусі Леанід Мальцаў, які прымаў удзел у пасяджэнні абласной камісіі па рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі.
– Важным пытаннем развіцця транзітнай прывабнасці краіны, падтрымання правапарадку на прыгранічных тэрыторыях застаецца праца па мінімізацыі чэргаў у аўтадарожных пунктах пропуску за кошт укаранення сістэмы электроннай чаргі, – падкрэсліў кіраўнік пагранічнага ведамства. Яна дазваляе браніраваць праз Інтэрнэт час уезду транспартнага сродку ў пункт пропуску і будзе даступная на партале Дзяржпагранкамітэта. У выглядзе эксперыменту паслуга была ўкаранёна ў пункце пропуску «Казловічы», цяпер прапрацоўваецца магчымасць яе апрабацыі ў аўтадарожным пункце пропуску «Брэст» («Варшаўскі мост»).
Па ацэнках Дзяржпагранкамітэта, на Віцебшчыне ў перспектыве такую сістэму мэтазгодна ўкараніць у пунктах пропуску
«Грыгароўшчына» і «Урбаны».–
Гэта пакуль прапанова, бо мэта – не ўкараніць сістэму, а ўдасканальваць працэс перасячэння мяжы, – падкрэсліў Леанід Мальцаў. Ён адзначыў, што першае ўражанне аб краіне, як і апошняе, фарміруецца менавіта тут. Таму ўсе пункты пропуску павінны знаходзіцца ў ідэальным стане.Сяргей Анто́наў, "Віцебскія весці"