Сістэму надомнай працы адраджаюць у Віцебскай вобласці

29 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сістэму надомнай працы адраджаюць у Віцебскай вобласці, расказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Лешчынскі. Гэты сумесны праект камітэта і ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва накіраваны на падтрымку і працоўную рэабілітацыю інвалідаў. Упраўленне бытавых паслуг прапануе арганізаваць надомную працу па рамонце бытавой тэхнікі, рамонце абутку. Як падкрэсліў Міхаіл Лешчынскі, гаворка ідзе пра тое, каб не толькі забяспечыць працай інвалідаў, але і пашырыць спектр паслуг, запатрабаваных насельніцтвам. Цяпер прадпрыемствы бытавой сферы вядуць арганізацыйную працу з інвалідамі па стварэнні працоўных месцаў на даму. Мяркуецца, што праз месяц першыя надомнікі ўжо прыступяць да аказання паслуг насельніцтву. Як адзначыў Міхаіл Лешчынскі, у вобласці штогод устанаўліваецца браніраванне працоўных месцаў для інвалідаў. У адпаведнасці з улікам рэкамендацый медыка-рэабілітацыйных экспертных камісій працаўладкаваны 1190 інвалідаў, у тым ліку на заброніраваныя працоўныя месцы больш за 700 чалавек. За перыяд дзеяння дзяржпраграмы па папярэджанні і рэабілітацыі інвалідаў на 2006-2010 гады ў Віцебскай вобласці створаны 82 працоўныя месцы спецыяльна для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, наймальнікам кампенсаваны затраты на набыццё абсталявання, прызначанага для працы інвалідаў, на агульную суму больш за Br800 млн. Для размяшчэння прадпрыемстваў і развіцця вытворчасці прадастаўляюцца вольныя памяшканні грамадскаму аб'яднанню "Беларускае таварыства інвалідаў". У цяперашні час пры таварыстве працуюць 7 прадпрыемстваў - у Віцебску, Глыбоцкім і Расонскім раёнах. Разам з тым прадпрыемствы, спасылаючыся на складаныя фінансава-эканамічныя ўмовы, не выяўляюць зацікаўленасці ў прыёме на працу інвалідаў для іх працоўнай рэабілітацыі. Калі ў 2007 годзе працоўную рэабілітацыю прайшлі 79 інвалідаў, то ў 2008-м - толькі 24. Пры гэтым фінансавыя магчымасці дазвалялі зрабіць больш, канстатаваў Міхаіл Лешчынскі. На прафесійную і працоўную рэабілітацыю інвалідаў за тры гады дзеяння дзяржпраграмы па папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў накіравана Br894,8 млн.-0-