Сістэму кіравання рухам цягнікоў удасканаляць на станцыі Наваполацк
10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская чыгунка завяршае падрыхтоўчыя работы да ўводу ў эксплуатацыю мікрапрацэсарнай электрычнай цэнтралізацыі на станцыі Наваполацк, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе БЧ.
"Запуск мікрапрацэсарнай электрычнай цэнтралізацыі запланаваны на другі квартал бягучага года, - сказалі ў прэс-службе. - У цяперашні час на станцыі на завяршальнай стадыі знаходзіцца правядзенне неабходных будаўніча-мантажных і іншых работ".
Прылады сігналізацыі і сувязі на станцыі Наваполацк, а таксама на ўчастку Наваполацк-Ксты будуць цалкам абноўлены і мадэрнізаваны ў выніку ўкаранення тут прылад электрычнай цэнтралізацыі, гарочнай аўтаматычнай цэнтралізацыі і аўтаматычнай блакіроўкі з прымяненнем мікрапрацэсарных тэхналогій. У 2011 годзе беларуская магістраль таксама плануе ўвесці ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс мікрапрацэсарнай электрычнай цэнтралізацыі і аўтаматычнай блакіроўкі на ўчастку Віцебск-Полацк.
Укараненне прылад электрычнай цэнтралізацыі з прымяненнем мікрапрацэсарных тэхналогій з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў работы БЧ, накіраваных на забеспячэнне бяспекі руху цягнікоў, павышэнне аператыўнасці кіравання перавозачным працэсам. На сённяшні дзень мікрапрацэсарная электрычная цэнтралізацыя ўкаранёна на дзвюх станцыях - Полацк і Сцяпянка.
Электрычная цэнтралізацыя, якая забяспечвае кіраванне стрэлкамі і сігналамі, прызначана для кіравання рухам цягнікоў і манеўровай працай на станцыі. Яна ўяўляе сабой шматузроўневую аўтаматызаваную сістэму, якая выконвае шэраг функцый. У іх ліку - тэхнічнае дыягностыкаванне і маніторынг, архіваванне падзей і інтэграцыя дыспетчарскай цэнтралізацыі і автоблокировки і іншыя.-0-