Сістэмы менеджменту якасці серыі ІSО 9001 укаранілі ў 2009 годзе 40 прадпрыемстваў Віцебскай вобласці
21 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сорак прадпрыемстваў Віцебскай вобласці сертыфікавалі ў 2009 годзе сваю вытворчасць на адпаведнасць сістэме менеджменту якасці серыі ІСО 9001. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі.
У ліку тых, што прайшлі сертыфікацыю, СААА "Фортэкс - водныя тэхналогіі", Віцебскі домабудаўнічы камбінат, Віцебская абласная друкарня і інш. Усяго ж сістэма ІСО 9001 укаранёна на 219 прадпрыемствах рэгіёна.
Актыўна працуюць над павышэннем якасці прадукцыі прадпрыемствы харчовай галіны. На 30 з іх ужо ўкаранёна сістэма кіравання якасцю і бяспекай харчовых прадуктаў на аснове аналізу рызык і крытычных кантрольных кропак (HACCP), у тым ліку ў 2009 годзе - на СААА "Прадабзнес", Верхнядзвінскім масласырзаводзе, Віцебскім кандытарскім камбінаце "Віцьба" і Камбінаце кааператыўнай прамысловасці Пастаўскага райпо. Пры гэтым Верхнядзвінскі масласырзавод першым у рэспубліцы атрымаў у мінулым годзе сертыфікат адпаведнасці сістэме менеджменту якасці LST EN ISO 9001:2008 і бяспецы харчовых прадуктаў LST EN ISO 22000:2005.
Экспартаарыентаваныя прадпрыемствы вобласці, зацікаўленыя ў прасоўванні сваіх тавараў на еўрапейскі рынак, імкнуцца прайсці сертыфікацыю на права маркіроўкі знакам CE. У цяперашні час толькі шэсць вытворцаў рэгіёна валодаюць правам гэтай маркіроўкі: ЗАТ "Сімург", Завод керамзітавага жвіру, Віцебскі завод радыёдэталяў "Маналіт", станкабудаўнічы завод "Чырвоны баец", РУВП "Віцязь" і ВА "Энергакомплект".
Нямалае значэнне мае для прадпрыемстваў сертыфікацыя сістэм кіравання аховай працы СТБ 18001 і навакольным асяроддзем СТБ ІСО 14001. Яны ўкаранёны на 43 (у тым ліку 21 у 2009 годзе) і 17 прадпрыемствах рэгіёна (3) адпаведна.
Паспяхова прасоўваць прадукцыю, знаходзіць новых пакупнікоў і пацвярджаць высокі ўзровень якасці прадпрыемствам дапамагае ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. У мінулым годзе Віцебскі кандытарскі камбінат "Віцьба" стаў дыпламантам конкурсу на атрыманне прэміі ўрада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. 30 прадпрыемстваў вобласці сталі лаўрэатамі конкурсу "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь", 10 - конкурсу "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі", а ААТ "Полацк - Шкловалакно" - лаўрэатам прэміі СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг.-0-