Сітуацыя на рынку працы ў Віцебску: патрэбны шаўцы, выхавальнікі, касіры…
На 1 красавіка мінулага года ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама ў якасці беспрацоўных быў зарэгістраваны 1241 чалавек. На гэту ж дату 2015-га — 2426. Сітуацыя на рынку працы ўскладнілася. Наш карэспандэнт адправілася па адрасе: вуліца Б.Хмяльніцкага, 10, каб вывучыць становішча спраў.
Не першы раз прыходжу сюды з рэдакцыйным заданнем. Высвятляла, як уладкавацца на працу маладым людзям і жанчынам перадпенсійнага ўзросту, набыць новую спецыяльнасць, пераехаць на новае месца жыхарства ў вёску. Велізарных чэргаў, натоўпаў беспрацоўных не бачыла тут ніколі. Спецыялісты ўпраўлення паспяхова спраўляюцца са значным ростам колькасці наведвальнікаў і цяпер. Вядома, перад кожным кабінетам сядзяць па 5—7 чалавек: хто зарэгістравацца, хто адзначыцца, а хто пацікавіцца, якія вакансіі можа прапанаваць ім інспектар. Прыцягнула ўвагу група маладых моцных хлопцаў. Яны жартавалі, пляскалі адзін аднаго па плячы пад здзіўленыя погляды астатніх: «З чаго б так весяліцца?» Аказалася, група падтрымкі падымала дух 28-гадоваму Віталю. Ён будаўнік, скончыў віцебскі каледж, года паўтара прапрацаваў у родным горадзе, потым з'ехаў у Расію. Часам зарабляў добра, часам быў «у пралёце» — наймальнік падманваў, плаціў мала ці зусім нічога, бо працоўны дагавор заключаўся на словах. З восені мінулага года Віталь дома. Пакуль былі нейкія зберажэнні, не сумаваў. Цяпер грошы скончыліся, акрамя таго, ён чытае газеты, глядзіць тэлевізар і, вядома ж, з вялікай увагай аднёсся да Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».
— Яксьці сорамна: я малады і здаровы, а сяджу на шыі ў бацькоў, — кажа ён. — Гэты дакумент падштурхоўвае да таго, каб уладкавацца на працу афіцыйна, атрымаць працоўную кніжку, зарабляць стаж. Толькі цяпер на многіх прадпрыемствах ідуць скарачэнні. Колькі ні пытаў, нідзе будаўнікі не патрабуюцца. Вось прыйшоў, каб зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага, спадзяюся, дапамогуць знайсці месца. Можна было б і іншую спецыяльнасць атрымаць, але, думаю, у нашай галіне ўсё зменіцца да лепшага.
Жанчына сярэдніх гадоў, якая прыслухалася да размовы, толькі ўздыхнула. Яна ўжо некалькі разоў мяняла спецыяльнасць. Два гады таму звольнілася з РУП «Віцязь» і ўладкавалася на прыватнае прадпрыемства «Глобал» ўпакоўшчыкам. Сына расце адна, таму пайшла туды, дзе больш плацілі.
— Чума свіная нам свінню падклала, — разважае яна. — Мяса для перапрацоўкі стала не хапаць, нас перавялі на скарочаны тыдзень, а ў канцы сакавіка і зусім прапанавалі шукаць працу, бо прадпрыемства будзе закрывацца. Таму прыйшла сюды, даведалася, якія дакументы патрабуюцца, каб зарэгістравацца. Атрымаю хаця б дапамогу…
— А мне далі накіраванне — выхавальнікам у дзіцячы сад! — радавалася маладая дзяўчына. — Я жыла ў Оршы, скончыла там педкаледж, але мінулым летам пераехала ў Віцебск, бо не хацела працаваць па спецыяльнасці. Цяпер зразумела, што педагогіка — гэта ўсё ж такі маё прызванне. Буду паступаць на завочнае ў ВДУ імя П.М.Машэрава.
Два мужыкі са зморшчанымі тварамі, паседзеўшы ў чарзе хвілін 15, не вытрымалі — накіраваліся да выхаду.
— Сыходзіце? — пацікавілася я.
— Ды не, пакурым. У Воўкі (адзін кіўнуў на другога) сёння дзень нараджэння, трэба б адзначыць, а мы тут торчым. Хочуць, каб мы працавалі? Няхай уладкоўваюць. На тое і пастаўлены. А мы яшчэ паглядзім, што нам прапануюць…
На хісткіх нагах яны выйшлі на ганак. А я накіравалася па каментарый да намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама Марыны Будкевіч.
— Марына Віктараўна, нядаўна прачытала ў адной з газет, што ў Віцебску на біржы працы велізарныя чэргі. Пераканалася, што нічога такога няма, як і звычайна, па пяць—сем чалавек да кожнага кабінета.
— Людзі да нас прыходзяць розныя. Адзін сам звольніўся, другога скарацілі, трэці з Расіі вярнуўся. Хтосьці знаходзіцца ў прыгнечаным стане, хтосьці, наадварот, залішне саманадзейны. Таму нашым супрацоўнікам даводзіцца быць яшчэ і псіхолагамі, слухаць, тлумачыць, падбадзёрваць. Безумоўна, з 1 студзеня гэтага года значна павялічылася колькасць грамадзян, якія звярнуліся за садзейнічаннем у працаўладкаванні. На 1 красавіка мінулага года ўзровень беспрацоўя ў горадзе складаў 0,8 працэнта да эканамічна актыўнага насельніцтва, цяпер — 1,4 працэнта. Праўда, гэты паказчык у дапушчальных межах, бо прагноз на год — 1,6 працэнта.
— Калі паспрабаваць намаляваць партрэт сярэдняга беспрацоўнага пачатку 2015 года…
— Гэта мужчына маладзейшы за 40 гадоў са сярэдняй або сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. У агульным ліку зарэгістраваных беспрацоўных жанчыны складаюць 33,6 працэнта. У параўнанні з 1 красавіка мінулага года колькасць вакансій зменшылася ў 2,8 раза. Цяпер іх 561, то ёсць на адно працоўнае месца прэтэндуюць 4,3 чалавека. Такое становішча звязана і са скарачэннем працоўных месцаў, аптымізацыяй, праводзімай на прадпрыемствах і ў арганізацыях, і з тым, што 2 красавіка кіраўнік дзяржавы падпісаў Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Многія пра яго былі чулі раней, таму вырашылі загадзя пазначыць свой статус хаця б як афіцыйна зарэгістраванага беспрацоўнага.
— Якія меры прымаеце ў такіх умовах?
— Хачу адзначыць, што беспрацоўныя грамадзяне больш актыўна ўдзельнічаюць у грамадскіх работах, чым раней. Заданне на год выканана ўжо больш чым на 80 працэнтаў. На перападрыхтоўку накіравана 40 працэнтаў ад гадавога задання — 160 чалавек з 400. З гэтых 160 траціна будзе абавязкова працаўладкавана на падставе трохбаковых дагавораў паміж работнікам, наймальнікам і упраўленнем. Астатнія прыйдуць да нас, зарэгіструюцца, будзем шукаць для іх месцы.
— Хто зараз запатрабаваны?
— Па-ранейшаму выхавальнікі дзіцячых дашкольных устаноў. Патрабуюцца шаўцы, швачкі на «Белвест». З 27 красавіка мы адкрылі спецыяльную групу па іх падрыхтоўцы. Запрашалі для заняткаў у ёй швеек з «КІМа» — там складанае становішча, але пакуль што ніхто не выказаў згоды. Белдзяржстрах гатовы прыняць на працу агентаў па страхаванні. ААТ «Віцебскія прадукты» мае патрэбу ў касірах-кантралёрах, мы таксама набіраем групу для іх падрыхтоўкі. Патрэбны ўрачы, медсёстры, галоўны бухгалтар, інжынер, слесар-рамонтнік, у асноўным, гэта высокакваліфікаваныя спецыялісты. Рэзка ўпала патрэба ў некваліфікаванай рабочай сіле, напрыклад, прыбіральшчыках, дворніках. Штодня адны вакансіі адкрываюцца, іншыя знікаюць.
— Ці з'яўляецца вышэйшая адукацыя гарантыяй ад беспрацоўя?
— На сённяшні дзень у якасці беспрацоўных зарэгістраваны 295 чалавек з вышэйшай адукацыяй — юрысты, эканамісты, праграмісты, тэхнолагі швейнай вытворчасці, дызайнеры, архітэктары і некаторыя іншыя, са сярэдняй спецыяльнай — 303, прафесійна-тэхнічнай — 636, агульнай базавай — 935. Усё як на далоні: чым вышэй узровень адукацыі і кваліфікацыі, тым лягчэй знайсці працу. Станавіцеся сапраўднымі прафесіяналамі ў сваёй справе, тады вы заўсёды будзеце запатрабаванымі. У заключэнне хачу дапоўніць, што ўсю інфармацыю аб наяўнасці вакансій, дакументах, якія патрабуюцца для таго, каб зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага, і іншыя звесткі можна знайсці на сайце Віцебскага гарвыканкама.
Ларыса ВОЛКАВА, "Віцьбічы"