Здымкі фільма пра Шагала пачынаюцца сёння ў Віцебску

5 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Здымкі фільма пра Шагала пачынаюцца сёння ў Віцебску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Рэжысёрам карціны з'яўляецца вядомы пастаноўшчык, народны артыст Расійскай Федэрацыі Аляксандр Мітта. Асноўнай пляцоўкай здымачнага працэсу стане спецыяльна пабудаваны яўрэйскі квартал, які з'явіўся на беразе Дзвіны за гандлёвым цэнтрам "Беларусь". Частка эпізодаў будзе знята ў гістарычнай частцы ў цэнтры горада - на вуліцах Суворава і Крылова. Па ўласнай кінашнай традыцыі першыя тры дні з пачатку здымак, якія азнамянуюцца разбіваннем талеркі аб штатыў камеры, Аляксандр Мітта ў адносінах з журналістамі захоўвае маўчанне, абяцаючы падзяліцца ўсімі падрабязнасцямі аб фільме па заканчэнні гэтага тэрміну. Як раней паведамляў БЕЛТА Аляксандр Мітта, поўнаметражная стужка атрымала назву "Міракль аб Шагале", але ў яе ёсць і другая назва, якая, на думку рэжысёра, больш поўна адлюстроўвае ідэю - "Камісар Шагал і грамадзянін Малевіч", бо стужка раскажа пра двух геніяў, воляю лёсу апынуўшыхся ў 1918-1921 гадах у Віцебску, аб іх няпростых адносінах, аб барацьбе Малевіча за маладыя розумы. Будзе і меладраматычная лінія: Марк і яго жонка Бэла. Пры напісанні сцэнарыя рэжысёр выкарыстаў даследаванне намесніка дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерыя Шышанава "Віцебскі музей сучаснага мастацтва: гісторыя стварэння і калекцыі". У працы яму дапамагалі віцебскія музеі: музей Марка Шагала і Цэнтр сучаснага мастацтва. Здымкі фільма пройдуць таксама ў Санкт-Пецярбургу. Як спадзяецца Аляксандр Мітта, яго фільм аб Шагале і Малевічы не толькі дапаможа прасоўванню мастацтва, але і прыцягне яшчэ больш увагі да Віцебска, дзе тварылі гэтыя геніі.-0-