З'езд фармацэўтаў Беларусі пройдзе 8-9 красавіка ў Віцебску

12 сакавіка, Мінск /Вольга Швайко - БЕЛТА/. 8-9 красавіка ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце пройдзе VIII з'езд фармацэўтаў Беларусі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людміла Раецкая. Прыняць удзел у форуме запрошаны спецыялісты ў галіне фармакалогіі дзяржаўных і прыватных структур з Беларусі, Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, Польшчы, Арменіі і Казахстана. Усяго плануецца ўдзел каля 350 спецыялістаў. Як адзначыла Людміла Раецкая, з'езд фармацэўтаў праводзіцца раз на пяць гадоў і кожны раз у яго праграме толькі самыя актуальныя пытанні. Не з'яўляецца выключэннем і цяперашні форум. Яго ўдзельнікі будуць дыскутаваць на тэмы, якія датычацца сучаснага стану фармацэўтычнага сектара, развіцця і перспектыў фармацэўтычнай адукацыі і прамысловасці. Акрамя таго, у парадак дня мерапрыемства ўвайшлі пытанні, прысвечаныя асноўным напрамкам дзейнасці і перспектывам развіцця дзяржаўнай аптэчнай сеткі ў сучасных умовах, асаблівасцям функцыянавання прыватных фармацэўтычных прадпрыемстваў на беларускім рынку. Не пакінуць без увагі спецыялісты і праблемы цэн на лекавыя сродкі. Праграмай з'езда прадугледжана работа па тэматычных секцыях: "Падрыхтоўка фармацэўтычных кадраў у Беларусі", "Развіццё айчыннай фармацэўтычнай вытворчасці", "Сістэма забеспячэння бяспекі, эфектыўнасці і якасці лекавых сродкаў", "Праблемы і перспектывы лекавага забеспячэння насельніцтва і арганізацый аховы здароўя". Па выніках форуму будзе прынята рэзалюцыя. Акрамя таго, падчас працы з'езда будзе арганізавана выстава айчынных і замежных вытворцаў лекавых сродкаў.-0-