Следчы камітэт праводзіць праверку па факце пажару на складзе яек у Полацку
23 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Следчы камітэт праводзіць праверку па выяўленні прычыны пажару на складзе яек на тэрыторыі птушкафабрыкі ААТ "Глыбоцкі камбікормавы завод" Полацкі вытворчы ўчастак, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова.
Паводле даных Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, паведамленне аб пажары на складзе паступіла апоўдні 22 кастрычніка на пульт дзяжурнага Полацкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях. Галоўны заатэхнік растлумачыў, што ў будынку склада яек, размешчанага на тэрыторыі птушкафабрыкі ААТ "Глыбоцкі камбікормавы завод" Полацкі вытворчы ўчастак, - пажар.
Да месца выкліку былі накіраваны 8 адзінак пажарнай спецтэхнікі. Назіралася адкрытае гарэнне ў будынку склада яек 2008 года пабудовы і задымленне ў сумежным памяшканні птушкафабрыкі. Работнікі прадпрыемства не пацярпелі. У 12.48 пажар лакалізаваны, у 13.48 - ліквідаваны.
У выніку пажару ў памяшканні ў будынку склада знішчаны дах і 1 сцяна, пашкоджаны астатнія сцены. Матэрыяльная шкода ўстанаўліваецца.-0-