СЦ: шасцікласніку Стасу ампутавалі руку з-за памылак урача
Завершана праверка крымінальнай справы аб неналежным выкананні прафесійных абавязкаў медыкам Дубровенскай цэнтральнай раённай бальніцы. Па версіі следства, менавіта памылкі ўрача прывялі да ампутацыі левай рукі ў 11-гадовага хлопчыка з аграгарадка Якубава, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта па Віцебскай вобласці.
Следчыя заявілі, што па справе сабрана дастатковая колькасць доказаў для прад'яўлення абвінавачвання ўрачу-хірургу (які таксама выконваў абавязкі загадчыка хірургічным аддзяленнем Дубровенскай цэнтральнай раённай бальніцы). Матэрыялы ўжо перададзены пракурору для накіравання ў суд.
"Следства прыйшло да высновы, што медыцынскі работнік неналежным чынам выканаў свае прафесійныя абавязкі з прычыны неабдуманага і несумленнага стаўлення да іх. Недахопы, дапушчаныя ўрачом-хірургам пры аказанні медыцынскай дапамогі, і наступствы ў выглядзе ампутацыі левай рукі знаходзяцца ў прамой прычынна-следчай сувязі", - распавяла афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова.
Канчатковае абвінавачванне ўрачу-хірургу прад'яўлена па ч.1 арт.162 Крымінальнага кодэкса (Неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула прычыненне пацыенту па неасцярожнасці цяжкага цялеснага пашкоджання). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – абмежаванне волі тэрмінам да 2 гадоў.
Пры расследаванні крымінальнай справы ў адрас упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама было накіравана прадстаўленне аб недапушчэнні неналежнага выканання медыкамі прафесійных абавязкаў і халатнага стаўлення да выканання службовых інструкцый. Адначасова ўрач-хірург быў адхілены ад пасады загадчыка хірургічным аддзяленнем.
Да расследавання крымінальнай справы прыцягваліся ў якасці спецыялістаў высокакваліфікаваныя медыкі вядучых устаноў аховы здароўя вобласці і вузкапрофільныя спецыялісты Мінздава.
"У межах расследавання прызначаны і праведзены найскладанейшыя судовыя экспертызы, якія неаднаразова пацвярджалі версіі, што вылучаюцца следствам", - паведамляюць у СК.
Нагадаем, 25 ліпеня 2014 года ў траўматалагічны пункт Аршанскай цэнтральнай паліклінікі з пераломам левай рукі быў дастаўлены 11-гадовы жыхар Дубровенскага раёна. Хлопчыку пасля правядзення неабходных даследаванняў быў накладзены гіпс, пасля чаго яго адпусцілі дадому на амбулаторнае лячэнне. Пасля пагаршэння самаадчування, 28 ліпеня, дзіця з сваякамі звярнуўся на прыём да ўрача-хірурга Дубровенскай раённай бальніцы. Следствам устаноўлена: работнік абследаванне маленькага пацыента выканаў не ў поўным аб'ёме, які развіваецца ўскладненне своечасова не западозрыў, не прызначыў неабходныя аналізы, не выканаў тэрмаметрыю цела, а пры ўзмацненні ацёку не зняў гіпсавую павязку і не прыняў мер да яго шпіталізацыі, што ў сваю чаргу прывяло да амярцвення (гангрэны) левай рукі малалетняга пацыента і неабходнасці яе ампутацыі.
Упершыню пра гэту гісторыю паведаміла выданне "Еўрарадыё". Месяц таму журналісты са спасылкай на маму пацярпелага хлопчыка паведамлялі, што дзіцяці хутка споўніцца 12 гадоў і спатрэбіцца новы пратэз. Аднак пенсія па інваліднасці, якую выплачваюць Стасу, складае 1 мільён 140 тысяч рублёў у месяц. Больш ніякай дапамогі ад дзяржавы сям'я не атрымлівае.