Лаўка для закаханых зьявілася ў Віцебску
2 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У закаханых у Віцебску з'явілася ўласная лаўка, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Фігурная "лаўка кахання", выкананая з металу ў стылі ар-дэко, размясцілася ля помніка Пушкіну - адным з самых рамантычных месцаў горада, абавязковым для наведванняў вясельных картэжаў. Даўжыня лаўкі складае 1,7 м. Яна ўпрыгожана архідэямі і традыцыйным вясельным сімвалам - лебедзямі.
Сядзенне ўвагнутае да сярэдзіны, каб закаханым было зручна сядзець побач. Пераканацца ў гэтым змаглі маладыя Дзяніс і Таццяна Мішкавец. Перарэзаўшы сімвалічную стужку, маладыя людзі першымі апрабавалі лаўку і з усмешкамі, ззянне якіх не змог прыглушыць нават накрапваючы восеньскі дождж, вынеслі свой вердыкт: "Зручна!". Мяркуючы па шчаслівых тварах маладых, ім сапраўды было зручна, тым больш што тут наваспечаныя муж і жонка заявілі аб сваёй першай сямейнай традыцыі - у выпадку сваркі прыходзіць мірыцца на гэту ж лаўку. Яе будова цалкам падыходзіць для гэтых мэт, не дазваляючы сядзець далёка адзін ад аднаго.
Лаўка для закаханых з'явілася ў горадзе па ініцыятыве ППТУП "Транспартная кампанія "Наталлі", якое рэалізавала гэты праект пры падтрымцы Віцебскага гарвыканкама. Прадпрыемства прымае ўдзел і ў іншых дабрачынных акцыях у абласным цэнтры. Так, на працягу пяці гадоў ППТУП дапамагае Дому дзіцяці, а ў Дзень Перамогі бясплатна возіць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.-0-