Складскія запасы прампрадпрыемстваў Віцебскай вобласці за 2009 год скараціліся амаль на Br81 млрд.

20 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Запасы гатовай прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці на 1 студзеня 2010 года ў параўнанні з 1 студзенем мінулага года знізіліся на Br80,8 млрд. і склалі Br404,5 млрд., або 33,9% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама. Па прадпрыемствах рэспубліканскай формы ўласнасці затавараванне знізілася на Br50,3 млрд. да Br308,1 млрд., або 30,9% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. Па камунальных прадпрыемствах - на Br30,5 млрд. да Br96,4 млрд. (49,5%). На большасці прамысловых прадпрыемстваў рэгіёну запасы гатовай прадукцыі не перавышаюць устаноўленых нарматываў. Пры гэтым на асобных прадпрыемствах (СААА "Марка", СААА "Белвест", ПРУП "Віцебскі футравы камбінат" і інш.) назапашванне прадукцыі абумоўлена сезоннасцю яе рэалізацыі. Звышнарматыўныя запасы на прадпрыемствах станкабудавання і іншых, якія працуюць у рамках вытворчай кааперацыі, у асноўным звязаны з невыкананнем дагаворных абавязацельстваў заказчыкамі, адзначылі ў камітэце. Для прасоўвання тавараў на ўнутраны рынак прадпрыемствы вобласці ў 2009 годзе праводзілі мерапрыемствы па актывізацыі гандлю. У гарадах і раёнах рэгіёну адбылося больш за 2 тыс. кірмашоў выхаднога дня. Праведзена звыш 600 распродажаў па зніжаных цэнах нехарчовых тавараў, арганізавана больш за 50 выставак-дэгустацый прадукцыі прадпрыемстваў харчовай галіны. Вытворцамі распрацаваны комплекс мер на 2010 год. Так, Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" для пашырэння геаграфіі паставак вядзе работу па асваенні рынкаў Арменіі, Сірыі, Турцыі, В'етнама, Ірана. Аб'яднанне "Віцебскхарчпрам" актыўна шукае партнёраў для заключэння даўгачасных дагавораў на пастаўку плодаагароднінных кансерваў на ўнутраны рынак і на экспарт.-0-