Складскія запасы ў Віцебскай вобласці на 1 лютага склалі 36,6% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці
8 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці Віцебскай вобласці на 1 лютага 2010 года склалі ў фактычных цэнах Br446,6 млрд., або 36,6% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.
На 1 студзеня 2010 года аб'ём нерэалізаванай прадукцыі складаў Br404,5 млрд., або 33,9% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. Павелічэнне назапашвання абумоўлена ростам запасаў на ААТ "Нафтан", прадукцыя якога тэхналагічна прыдатная да зімовага сезону, а таксама сезонным назапашваннем тавараў да вяснова-летняга перыяду.
Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі на 1 лютага павялічылі запасы да Br100,8 млрд. (146% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці). На 1 студзеня яны складалі Br94,7 млрд. (140,4%). Павялічыўся аб'ём прадукцыі на складах ААТ "Візас", РУП "Лёс", заводаў "Вістан", "Вымяральнік" і "Эвістар". Вырас аб'ём нерэалізаванай прадукцыі таксама на прадпрыемствах лёгкай прамысловасці (да Br157,3 млрд., або 207,1%), будаўнічай індустрыі (да Br28,7 млрд., або 110,7%) і харчовай галіны (Br65,2 млрд., або 43,8%). Разам з тым сярод апошніх істотна скарацілі свае запасы нерэалізаванай прадукцыі прадпрыемствы Віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" (з 37,6% на 1 студзеня да 31,6% на 1 лютага) і ЗАТ "Віцебскзбожпрадукт" (адпаведна з 54,3% да 48,8%).
Сярод прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасці аб'ём нерэалізаванай прадукцыі знізіўся на Br8,2 млрд. да Br54,8 млрд. (48,8%), безведамаснай падпарадкаванасці - павялічыўся на Br3,2 млрд. да Br30,2 млрд. (57,4%).
Як паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю Віцебскай вобласці, дынаміка змянення складскіх запасаў рэгулярна вывучалася на працягу 2009 года на 13 валаўтваральных прадпрыемствах рэгіёна. Устаноўлена, што маркетынгавыя службы многіх прамысловых прадпрыемстваў не праяўляюць актыўнасці па прасоўванні ўласнай прадукцыі на ўнутраным рынку. Напрыклад, прадукцыя ААТ "Класіка індустрыі моды" прайграе ў барацьбе за пакупнікоў з-за афармлення, неэфектыўнай працы з кліентамі, а Аршанскаму ільнокамбінату відавочна не хапае больш агрэсіўнай і наступальнай маркетынгавай стратэгіі. -0-