Памёр народны артыст Беларусі і СССР Фёдар Шмакаў
2 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. 1 мая ў Віцебску на 93-м годзе жыцця памёр ганаровы грамадзянін Віцебска, народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Фёдар Іванавіч Шмакаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў тэатры.
Фёдар Шмакаў нарадзіўся 1 сакавіка 1917 года. У 1939 годзе скончыў вышэйшае Ленінградскае тэатральнае вучылішча, пасля чаго два гады прапрацаваў у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры ў Магілёве, а затым быў запрошаны ў Віцебск у тэатр імя Коласа. На яго сцэне Фёдар Шмакаў сыграў каля 200 роляў.
Шырокі творчы дыяпазон акцёра дазваляў яму выконваць ролі трагічныя і камедыйныя, гераічна-драматычныя і вострахарактарныя. Аднымі з лепшых яго роляў сталі Несцерка ў аднайменным спектаклі У.Вольскага, Акся Каль, Дзед ("Навальніца будзе", "Зямля" Я.Коласа), Лемешавіч, Антонюк ("Крыніцы", "Снежныя зімы" І.Шамякіна), Каравай ("Таблетку пад язык", А.Макаёнка), Мураўёў ("Кастусь Каліноўскі" У.Караткевіча). Асаблівай папулярнасцю карысталіся вобразы, створаныя акцёрам у спектаклях па рускай і замежнай класіцы, сярод іх - Платон Зыбкін ("Праўда добра, а шчасце - лепш" А.Астроўскага), Прысыпкін ("Блазан" У.Маякоўскага), Акім ("Улада цемры" Л.Талстога), Бесяменаў ("Мяшчане" М.Горкага), Васкоў ("А зоры тут ціхія" Б.Васільева). Апошняя роля майстра - адвакат Маргарытаў у спектаклі "Позняя любоў" А.Астроўскага.
Фёдар Шмакаў з'яўляўся адным з стваральнікаў беларускай тэатральнай ленініяны. Ён выступаў і як рэжысёр, сярод яго пастановак - "Бацькаўшчына" К.Чорнага, "Трывога" А.Петрашкевіча, "Мудрамер" М.Матукоўскага, "Блэйз" К.Манье.
Каля пяцідзесяці роляў сыграў Фёдар Шмакаў у кіно. Найбольш папулярнымі кінастужкамі з яго ўдзелам былі "Балтыйскае неба", "Неўміручая песня", "Качубей", "Паднятая цаліна", "Людзі на балоце", "Мужнасць", "Старасвецкія памешчыкі".
За шматгадовае самаадданае служэнне мастацтву ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны, а ў 2001 годзе - спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Паніхіда адбудзецца 4 мая з 12.00 у вялікай гледацкай зале Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску.-0-