«Скарынаўскія дні ў Полацку» пройдуць 3-5 верасня

Маштабнае дзіцяча-маладзёжнае свята "Скарынаўскія дні ў Полацку" пройдзе ў старажытным горадзе 3-5 верасня, папярэднічаючы Дню беларускага пісьменства ў Шчучыне, паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.

Да ўдзелу ў мерапрыемствах свята, напоўненага любоўю да слова, гордасцю за праслаўленага палачаніна Францыска Скарыну, запрошаны навучэнцы ўстаноў адукацыі 23 беларускіх гарадоў, якія далучыліся да глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ "Горад, дружалюбны дзецям", а таксама 10 расійскіх гарадоў-пабрацімаў Полацка. У горадзе чакаюць прадстаўнікоў установы адукацыі "Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі" і Віцебскага аблвыканкама.

Адкрые форум Скарынаўская алімпіяда, якая пройдзе ва УА "Полацкая дзяржаўная гімназія №1 імя Францыска Скарыны". Удзельнікам (вучням 9-11 класаў) трэба будзе прайсці некалькі выпрабаванняў: напісаць эсэ (беларуская мова і літаратура); прадставіць комплексную працу па гісторыі Беларусі, гісторыі Полацка, біяграфіі Францыска Скарыны (гісторыя); прадэманстраваць рытарычны талент у экспромце "Рэаліі жыцця: за і супраць" і талент дэкламатара пры чытанні мастацкіх твораў.

Акрамя гэтага, дзеці з гарадоў Беларусі і Расіі прымуць удзел у рэалізацыі адкрытага творчага праекта "Нашчадкі Скарыны", які ўключае ў сябе 4 конкурсы: інтэрактыўны квэст "Брама гісторыі", падчас якога пройдзе інтэрнэт-віктарына "Таямніца забытага ключа"; конкурс выяўленчых альбомаў "Праслаўлёнаму земляку прысвячаецца…"; конкурс мастацкага чытання "Відэаталант" і конкурс мультымедыйных прэзентацый "Спадчына Скарыны - нацыянальны здабытак беларусаў".

Пазнавальнай абяцае быць і культурна-забаўляльная праграма: 4 верасня госці здзейсняць азнаямленчыя экскурсіі па Полацку, а затым прымуць удзел у вечары сустрэчы сяброў "Моладзь! Эрудыцыя! Сяброўства!", дзе падзеляцца вопытам работы, уражаннямі, абмяняюцца адрасамі. У гэты ж дзень адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання "Мы - спадчыннікі Скарыны" (пераможцы конкурсаў атрымаюць каштоўныя прызы, будуць адзначаны Скарынаўскімі дыпломамі).

У завяршальны дзень форуму навучэнцы старэйшых класаў прымуць удзел у правядзенні адкрытых урокаў, тэматычных пляцовак ля помнікаў і скуль птурных кампазіцый, якія ў гэты дзень ажывуць. Сваю тэматычную пляцоўку пад назвай "Моладзь чытае" прадставяць і члены моладзевага парламента Полацка і Полацкага раёна.

Арганізатарамі свята выступаюць Полацкі раённы выканаўчы камітэт, аддзел адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, ЮНІСЕФ.

Алена Ціханава, БелТА.