«Скарынаўскія дні ў Полацку» пройдуць 5-7 верасня
Свята "Скарынаўскія дні ў Полацку" пройдзе ў старажытным беларускім горадзе з 5 па 7 верасня падчас Дня беларускага пісьменства, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Полацкім райвыканкаме.
Своеасабліўным пралогам Дзён стане дабрачынны праект "Падары дзецям кнігу", які пачынаецца сёння і працягнецца да 4 верасня. Сабраныя падчас акцыі кнігі папоўняць бібліятэкі сацыяльных прытулкаў і школ-інтэрнатаў раёна.
Стартуе свята алімпіядай па аратарскім мастацтве і напісанні эсэ, якая пройдзе 5 верасня сярод навучэнцаў Полацкай дзяржаўнай гімназіі №2. У гэты ж дзень ва ўстановах адукацыі будуць дадзены ўрокі "Полацазнаўства" па тэмах: "Вялікі сын Полацкай зямлі", "Вялікі пачынальнік Францыск Скарына". У школах будуць арганізаваны тэматычныя выставы выданняў з сямейных бібліятэк і прэзентацыі старадаўніх кніг, пройдзе рандэву з кнігамі Францыска Скарыны і Сымона Полацкага і экспрэс-агляд "Кніга ці камп'ютар".
Не застанецца ўбаку ад свята і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут будзе арганізаваны інтэрактыўны конкурс па распрацоўцы і стварэнні электроннай кнігі, пройдуць выстава "Універсітэты Францыска Скарыны" і выстава-прэзентацыя друкаваных рарытэтаў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Насычаным на мерапрыемствы абяцае быць дзень 6 верасня. На алеі праспекта Францыска Скарыны будзе арганізавана праца літаратурных салонаў "Чароўная сіла мастацтва" (прэзентацыя кніг полацкіх паэтаў), літаратурнага кафэ "Урокі выдатнай асобы", разгорнецца фотавыстава "Кніга і чытанне" і выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстаноў адукацыі Полацка і Полацкага раёна. Каля памятнага знака "Ў" у музычнай панораме выступяць навучэнцы Полацкай дзіцячай школы мастацтваў, на плошчы Францыска Скарыны будзе арганізавана канцэртна-забаўляльная праграма "Мы - спадчыннікі Скарыны".
Активными святочнымі зонамі стануць пляцоўкі каля бібліятэк. Раённая цэнтральная адкрые літаратурны бульвар "Чытай горад", дзе кожны мінак будзе мець магчымасць выпіць гарбаты і сфатаграфавацца з Францыскам Скарынам, пракансультавацца ў бібліятэрапеўта, азнаёміцца з выставай "Ад малога да вялікага". Тут жа размесціцца пляцоўка для падлеткаў "Riders-тусоўка". Каля бібліятэкі імя Я. Купалы будуць арганізаваны фотавернісаж, міні-квэст "Ад глінянай таблічкі да электроннай кнігі", майстар-класы па book-арту "Цудоўную кнігу ствары".
У святочныя дні ў Дзіцячым музеі будзе працаваць выстава "Падручнік-чараўнік", якая раскажа пра тое, як з'явіўся першы буквар, якія кнігі выдаваліся для дзяцей у пачатку мінулага стагоддзя і пра тое, якія наогул бываюць буквар. У экспазіцыйных залах Музея беларускага кнігадрукавання будуць праводзіцца музейна-педагагічныя заняткі. Акрамя гэтага, у школьнікаў будзе магчымасць прыняць удзел у стварэнні кнігі з лістамі нашчадкам, якая будзе захоўвацца ў Музеі беларускага кнігадрукавання.
Францыск Скарына - адзін з найвялікшых гістарычных дзеячаў, вялікі асветнік і заснавальнік беларускага кнігадрукавання, у гонар якога заснаваны вышэйшыя ўзнагароды Беларусі - медаль і ордэн, яго імем названы ўстановы адукацыі, вуліцы, праспекты, устаноўлены помнікі. У Полацку імя Францыска Скарыны носіць цэнтральная гарадская бібліятэка, гімназія №1, плошча, праспект і вуліца. У цэнтры горада ўстаноўлены помнік вялікаму асветніку.
Алена Ціханава