Хуткасць на трасе М1 ад Оршы да мяжы з Мінскай вобласцю часова абмежавана да 90 км/г
Хуткасць на трасе М1 ад Оршы да мяжы з Мінскай вобласцю часова абмяжоўваецца да 90 км/г у сувязі са складанымі ўмовамі надвор'я, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аўтамабільных дарог "Віцебскаўтадар" Адам Канапліч.
Моцны снегапад у цяперашні час ідзе над паўднёвай часткай вобласці на тэрыторыі Аршанскага і Сянненскага раёнаў, а таксама ў Бегамлі і Лепелі. Па прагнозах сіноптыкаў, снегапад і мяцеліца ў Віцебскай вобласці да вечара будуць толькі ўзмацняцца. У сувязі з гэтым "Віцебскаўтадар" накіраваў на расчыстку трас рэспубліканскага значэння каля 100 адзінак тэхнікі. Па словах Адама Канапліча, "дарожная абстаноўка хоць і складаная, але знаходзіцца пад кантролем".
У сувязі са складанымі ўмовамі надвор'я супрацоўнікі ДАІ ўзмацнілі кантроль за бяспекай дарожнага руху, паведаміла начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Алеся Сярэгіна. На дапамогу калегам з міжраённых і гарадскіх аддзелаў ДАІ выехалі дадатковыя экіпажы, сфармаваныя са складу супрацоўнікаў упраўлення ДАІ. Дзяржаўтаінспекцыя сочыць не толькі за дарожным рухам, але і за тым, наколькі своечасова чысцяцца магістралі і пасыпаюцца супрацьгалалёднымі сродкамі.
УДАІ звяртаецца да кіроўцаў з просьбай па магчымасці абмежаваць рух і перанесці свае паездкі да паляпшэння ўмоў надвор'я.