Скалибравана інвестыцыйная праграма Віцебскай вобласці на 2020 год

Дэпутаты абласнога Савета на пазачарговай сесіі ўнеслі карэктывы ў інвестыцыйную праграму Віцебшчыны на 2020 год, уключыўшы ў дакумент дадатковыя аб'екты для фінансавання за кошт сродкаў абласнога бюджэту і іншых крыніц. У асноўным гэта інфраструктура водазабеспячэння, у тым ліку восем станцый абезжалезвання, будаўніцтва якіх плануецца завяршыць у 2021 годзе.

На Віцебшчыне працягваецца праца па паляпшэнні якасці вады. У бягучым годзе будуць уведзены 40 станцый абезжалезвання. За кошт крэдытных рэсурсаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця вядзецца будаўніцтва яшчэ 80 станцый. Гэта дазволіць да 2022 года палепшыць якасць водазабеспячэння для 30 тыс. жыхароў сельскай мясцовасці. Акрамя таго, у дадатак да рэалізуемых праектаў вышуканы магчымасці прафінансаваць за кошт бюджэту падрыхтоўку праектнай дакументацыі па станцыях яшчэ ў васьмі населеных пунктах, іх трэба будзе здаць у эксплуатацыю таксама ў будучым годзе.

Як адзначыў старшыня аблсавета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, у пашыраны пералік уключаны аб'екты ў сельскай мясцовасці, дзе праблема забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой узнімаецца не першы год і жыхарамі населеных пунктаў, і дэпутатамі Саветаў розных узроўняў. Цяпер з'явілася магчымасць за кошт перадразмеркавання фінансавых рэсурсаў вырашыць хвалюючае многіх пытанне, раскрыў дэталі кіраўнік абласнога дэпутацкага корпуса. Такім чынам, цяпер пачнецца праектаванне станцый абезжалезвання ў Дымановічах (Віцебскі раён), Бабічах (Глыбоцкі), Нураве (Верхнядзвінскі), Гаршэўшчыне (Талачынскі), Скозе і Белай Ліпе (Сенненскі), аграгарадках Більдзюгі (Шаркаўшчынскі) і Добрынь (Дубровенскі). Таксама за кошт сродкаў бюджэту ў бягучым годзе плануецца завяршыць будаўніцтва інжынернай інфраструктуры водазабеспячэння жылога раёна Васюты ў Віцебску, гарпасёлку Шаркаўшчына і вёскі Суйкава (Віцебскі раён).

Яшчэ адным новым аб'ектам інвестпраграмы 2020 года стаў цэх забою і перапрацоўкі свіней і буйной рагатай жывёлы УП «Аршанскі мясакансервавы камбінат». На будаўніцтва інжынерна-транспартнай і тэхналагічнай інфраструктуры для яго прадугледжваецца накіраваць 2,4 млн рублёў.

 

"Віцебскія весці".